Беларускі пашпартны цэнтр у Вільні згортвае сваю дзейнасць
Пашпарт Новай Беларусі / 15min.lt
Беларускі пашпартны цэнтр у Вільні згортвае сваю дзейнасць. Адкрыццё новых пашпартных цэнтраў у Польшчы ці іншых краінах пакуль не плануецца.
Напярэдадні стала вядома, што агулам было выдадзена 600 "пашпартоў Новай Беларусі". Іх выдача працягнецца, нягледзячы на нізкую актыўнасьць уладальнікаў і панесеныя выдаткі: у апрацоўцы цэнтра ляжаць цяпер больш за 60 заявак.
Дзейнасць самога Беларускага пашпартнага цэнтра была пераведзеная з Літвы, але ў якую краіну — не паведамляецца.
Кіраўніца прэс-службы Ціханоўскай Ганна Красуліна ў каментары Еўрарадыё падкрэсліла: "Зачыніўся толькі офіс пашпартнага цэнтру у Вільні. Сам пашпартны цэнтр не спыняе сваю дзейнасць і працягвае працу ў звычайным рэжыме".
Згодна з афіцыйнымі літоўскімі данымі, якія вывучыла Радыё Свабода, апошні супрацоўнік з кампаніі Belarus Passport Center быў звольнены ў ліпені 2026 года. Штат кампаніі ў найлепшыя часы, у 2024 годзе, налічваў чатыры асобы. Тыя ж літоўскія крыніцы паведамляюць, што ў 2024 годзе на рахунак кампаніі Belarus Passport Center паступіла каля 110 тысяч еўра ў 2024 годзе, а ў 2025-м — больш за 250 тысяч. Пры гэтым мінулы год кампанія скончыла з "мінусам" у прыкладна 30 тысяч еўра.
"У Літве цяпер можна толькі здаць біяметрыю. Сам пашпартны цэнтр як фізічнае памяшканне яшчэ працаваў да пачатку гэтага года. Там адбываліся грамадскія мерапрыемствы, раздавалі дапамогу вызваленым. Але потым мы скарацілі прысутнасць і стварылі дэцэнтралізаваную (сыстэму. — РС). Скарацілі выдаткі. Самае галоўнае — гэта збор біяметрыі і пасля высылка, раздача пашпартоў", — сказаў Свабодзе Франак Вячорка, старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай.
Ён дадаў, што збор біяметрычных звестак ад ахвочых атрымаць пашпарты новай Беларусі рэгулярна арганізаваны ў Польшчы і Літве, дзе гэта можна зрабіць штотыдзень. Таксама можна падацца на атрыманне дакумента і ў іншых краінах Еўропы, а таксама ў гарадах ЗША, дзе збіраць даныя будуць на месцах.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях і старшыня юрыдычнага дэпартамэнта яе Офіса Лявон Марозаў кажа, што хутчэй за ўсё дакумент прызнае якая-небудзь краіна па-за межамі Еўрасаюза — напрыклад, Арменія.
Аднак калі ўрад нейкай краіны пагодзіцца на міжнароднае прызнанне пашпартоў Новай Беларусі, ужо выдадзеныя дакументы, верагодна, давядзецца мяняць на новыя.
"Умоўна, калі Арменія дае "дабро", мы ваш "пашпарт Новай Беларусі" забярэм і зробім яго трэвэл-дакументам. То бок ён будзе ўмоўна армянскім юрыдычна, а палітычна беларускі", — кажа Марозаў.