Беларуса ў Эстоніі арыштавалі за адмыванне грошай
Адмыванне грошай / pixabay.com
У Эстоніі 47-гадоваму грамадзяніну Беларусі выставілі абвінавачанне ў адмыванні грошай у асабліва буйным памеры. Паводле пракуратуры, за тры месяцы — ад сёлетняга сакавіка па чэрвень — ён правёў аперацыі з наяўнымі і крыптой на суму больш за 861 тысячу еўра.
Падчас дасудовага расследавання таксама высветлілася, што паслугамі групы, у якую ўваходзіў беларус, карыстаўся чалавек, асуджаны за нарказлачынства, піша DELFI.
Паводле абвінавачання, удзельнікі здзелак выкарыстоўвалі нікнэймы, а адно аднога пазнавалі па нумарах банкнотаў, якія загадзя перадаваліся праз зашыфраваныя каналы. Дзяржаўны пракурор Юрген Хюва сцвярджае, што абвінавачаны як арганізоўваў здзелкі, так і непасрэдна ўдзельнічаў у іх правядзенні.
Паліцыя затрымала мужчыну яшчэ 13 чэрвеня 2026 года. Учора суд пастанавіў падоўжыць тэрмін яго ўтрымання пад вартай.
Крыніцы Еўрарадыё сцвярджаюць, што затрыманы ў Эстоніі грамадзянін Беларусі — Алег Маісееў, якога звязваюць са "зліўным" тг-каналам "Штаб Оношко", які ачарняе беларускіх апазіцыянераў.
Маісееву 48 гадоў, месцам яго жыхарства пазначаная Вільня. У 2020-м ён уваходзіў у каманду Святланы Ціханоўскай, але неўзабаве перайшоў у лагер яе палітычных праціўнікаў.