“Неспакойна ад таго, што робіць Масква”: ці баяцца ў Нарве нападу Расіі?

Нарва

Нарва / Euroradio / OpenAI

У верасні 2026 года Інстытут вывучэння вайны (ISW) апісаў гіпатэтычны сцэнарый таго, як можа выглядаць расійскае ўварванне ў Эстонію. Згодна з ім, Расія можа здзейсніць абмежаванае наземнае ўварванне ў Нарву пры падтрымцы беспілотнікаў са сваёй тэрыторыі.

Гэта не першы раз, калі Эстонію, а менавіта яе ўсходні рэгіён, называюць “наступнай” пасля Украіны.

На дадзены момант краіны Балтыі не бачаць каля сваіх меж канцэнтрацыі расійскіх сіл, неабходных для ўварвання. Тым не менш рэгіён пастаянна падвяргаецца гібрыдным атакам.

Журналістка Еўрарадыё з’ездзіла ў Нарву, каб даведацца, як мясцовыя жыхары ставяцца да папярэджанняў амерыканскіх аналітыкаў.

“Мне неспакойна ад таго, што робіць Расія”

Нарва — адзін з бліжэйшых да Расіі гарадоў Еўрасаюза. Ад суседняга Івангарада яе аддзяляе толькі рака.

“Неспакойна ад таго, што робіць Масква”: ці баяцца ў Нарве нападу Расіі?
Рыбакі на беразе Нарвы

Пільная ўвага да Нарвы праявілася пасля расійскага ўварвання ва Украіну — але не праз шматслаёвую гісторыю горада. Апошнім часам сусветныя СМІ актыўна пішуць пра тое, што на стале ў Пуціна ляжаць некалькі сцэнарыяў гібрыднай атакі на горад і рэгіён.

— Нарвіцяне па-рознаму рэагуюць на гэтыя паведамленні: ад чарговага “ды колькі ўжо можна” да страху. У апошні час людзі пачалі задумвацца пра план Б, пытацца адзін у аднаго: “Куды рванеш, калі што?” Хтосьці нават купляе нерухомасць у Еўропе, — расказвае журналістка і рэдактарка Delfi і ERR Яўгенія Парв.

Але трывожны чамаданчык Яўгенія не сабрала. “Сама не веру, але мне неспакойна ад таго, што робіць Расія”, — прызнаецца суразмоўца.

Бацька Яўгеніі — вайсковец. У дзяцінстве яна жыла разам з бацькамі ў розных савецкіх рэспубліках, а ў 1987 годзе сям’я канчаткова асела ў Нарве. Паводле яе слоў, адносіны паміж людзьмі сталі “напружанымі” яшчэ ў 2014 годзе.

У горадзе жывуць 50 тысяч чалавек, палова з якіх мае эстонскае грамадзянства. Астатнія — людзі з іншымі, нееўрапейскімі дакументамі: грамадзяне Расіі і Украіны або асобы без грамадзянства.

Як адзначае Яўгенія, у параўнанні з суседнімі дзяржавамі Балтыі міграцыйная палітыка Эстоніі даволі “мяккая” ў дачыненні да грамадзян іншых краін, якія даўно тут жывуць. Але людзі ўсё роўна баяцца, што могуць страціць легальны статус, таму нават на ўнутрыпалітычныя тэмы выказваюцца неахвотна.

“Неспакойна ад таго, што робіць Масква”: ці баяцца ў Нарве нападу Расіі?
Яўгенія ў сваім кабінеце

— У іх у Расіі ўжо і сувязяў няма. Некаторыя там ніколі нават і не былі.

Абсалютная большасць жыхароў Нарвы размаўляе па-руску. Супярэчнасці тут датычацца светапогляду і існуюць пераважна паміж пакаленнямі.

— У нас прарасійскія людзі ўмудраюцца знайсці большую падтрымку сярод эстонцаў, якія галасуюць за кансерватыўную партыю EKRE. Партыя заяўляе, што Эстонія не павінна падтрымліваць Украіну, — тлумачыць Яўгенія.

Журналістка бачыць і пазітыўны зрух у інфармацыйным полі. Яна прыводзіць прыклад таго, як за гады без расійскіх тэлеканалаў у людзей мяняюцца арыенціры, і цяпер яны менш падтрымліваюць Расію — прынамсі, у вайне. Аднак па той бок ракі вядуць “вельмі добрую прапагандысцкую палітыку”.

“Неспакойна ад таго, што робіць Масква”: ці баяцца ў Нарве нападу Расіі?
Вуліца ў цэнтры Нарвы

Пасля вайны новая ўлада вырашыла не аднаўляць шведскую спадчыну. Ад старога каменнага горада ў цэнтры засталіся толькі замак і ратуша, вакол якіх пабудавалі “хрушчоўкі”.

З прыходам савецкай улады доля эстонцаў, якія жылі ў Нарве, рэзка знізілася. Асноўнай мовай стала руская. Настолькі, што нават сёння гарадская адміністрацыя не можа цалкам перайсці на эстонскую. За два дні я пачула эстонскую мову на вуліцы толькі аднойчы — і тое таму, што ў Нарву з’ехаліся людзі з усёй краіны на нейкі прафесійны форум.

Уздоўж набярэжнай, адкуль адкрываецца від на Расію, гараджане ловяць рыбу. Я падыходжу да самай вялікай кампаніі. Мужчыны сярэдняга і старэйшага ўзросту адразу адкідаюць думку пра тое, што на Нарву могуць напасці. Маўляў, усё гэта — “нагнятанне сітуацыі ў медыя”.

— Мы ж раней сябрамі былі. У мяне мачыха вось у тым доме жыве, — рыбак па імені Міхаіл паказвае на шматпавярховік на супрацьлеглым беразе. — Гэта ўсё палітыкі нагнятаюць. Навошта ім спыняць вайну ва Украіне? Там бабкі з усіх бакоў цякуць, — лічыць ён.

“Неспакойна ад таго, што робіць Масква”: ці баяцца ў Нарве нападу Расіі?
Над Нарвай

Іншы рыбак, маладзейшы, узгадвае, як муж Каі Калас, былой прэм’ер-міністаркі і цяперашняй кіраўніцы дыпламатыі Еўрасаюза, вёў бізнес з расійскімі кампаніямі.

— Для звычайных людзей бізнесы закрыліся. А РЧ [Расійская чыгунка. — Еўрарадыё] ходзіць, — кажа ён.

— Угнаенні, блін, цэлы вакзал. Схадзіце туды, паглядзіце. Ды якія яшчэ “зялёныя чалавечкі”?! Там сухое рэчышча, перайсці можа любы чалавек. Калі б хацелі, тут даўно ўжо нічога не было б, — падхоплівае пажылы мужчына.

— Але цяпер ужо іншае стагоддзе, ніхто не будзе пераплываць тут на лодках.

— Ага, з вёсламі. Памятаеш, як у 90-х кантрабанду на лодках вазілі? — узгадвае старэйшы рыбак.

Падыходзіць хлопец і пытаецца, ці ўсіх судакоў ужо вылавілі. Мужчыны смяюцца.

— Спытайце ў любога нарвіцяніна, хто хоча з’ехаць туды, у Івангарад, жыць. Ніхто не хоча. Там ні пенсіі няма, нічога няма, — кажа Міхаіл.

Іншы рыбак пярэчыць: маўляў, расійскі Кінгісеп (горад непадалёк ад Нарвы. — Еўрарадыё) развіваецца.

— Але за кошт чаго? За кошт Усць-Лугі, якую ўвесь час бамбяць, — смяецца Міхаіл.

Мужчыны расказваюць, як уздоўж мяжы лётаюць дроны. Навічок у кампаніі кажа, што дроны запускаюць з фур, што стаяць у лясах. Пасля жартаў пра дыверсіі маладзейшы рыбак зноў звяртаецца да мяне: маўляў, хто цяпер чаго толькі не раскажа.

— Раней, у 90-х, была свабода слова. А вы ў Польшчы можаце гаварыць?

— Так, — адказваю я.

— Ну вось і скажыце. У нас тут таксама аднаму далі 10 гадоў (магчыма, суразмоўца мае на ўвазе журналіста Алега Бяседзіна, якога асудзілі за апраўданне расійскага ваеннага ўварвання ва Украіну. — Еўрарадыё).

“Неспакойна ад таго, што робіць Масква”: ці баяцца ў Нарве нападу Расіі?
Адзіны расійскі след у горадзе — помнік паэту Аляксандру Пушкіну і вуліца, названая ў яго гонар

— У мужчыны ў машыне георгіеўская стужка вісела… І ўсё, — расказвае малады рыбак.

У Эстоніі ёсць закон, які забараняе публічную дэманстрацыю георгіеўскай стужкі, сімвалаў Z і V, а таксама сцягоў Расіі і СССР. За гэта прадугледжаны штраф да 400 еўра.

— А памятаеце, як арыштавалі цётку, у якой была сумка накшталт Tommy Hilfiger?!

— У Латвіі?

— Так. Сцяг расійскі ўбачылі — і ў каталажку яе.

— А за што гэтаму, Славу, 200 еўра выпісалі? За цяльняшку марской пяхоты ці што? Усе ж цяльняшкі носяць.

— І дзе тут свабода слова, свабода выказвання меркаванняў?

— Проста… каму можа нашкодзіць расійская шапка ці цяльняшка? Якая розніца, у што я апрануты? Расійскае тэлебачанне таксама забараняюць. У нас жа яго, па сутнасці, няма.

— А насамрэч?

— Валодзя дае дабро. Антэна ловіць.

Міхаіл уздыхае і кажа:

— Радуе адно: кожная вайна заканчваецца мірам.

— Гэта яны, палітыкі, дамовяцца. А пацярпяць мірныя жыхары, — дадае маладзейшы рыбак.

Іншы хлопец расказвае, што Эстонія шмат страціла праз закрыццё мяжы, бо некаторыя гатэлі і гандлёвыя цэнтры будаваліся з разлікам на расіян, а цяпер ніхто не прыязджае.

— Яшчэ раней, у 1991-м, калі я вучыўся ў вучылішчы, тут быў малочны завод, хлебазавод, мясакамбінат. Горад мог спакойна жыць, — дадае Міхаіл. — “Балтыец” — вялікі завод. “Крэнгольм”, мэблевая фабрыка.

— Наша электрастанцыя забяспечвала электрычнасцю метро ў Ленінградскай вобласці. А цяпер хочуць будаваць новую газавую кацельню, дзе газ каштуе 140 еўра за мегават-гадзіну.

— Вось мы і ўступілі ў Еўропу, — кажа Міхаіл.

— Самае смешнае: яны, маўляў, выступаюць за зялёную энергетыку. А за 10 кіламетраў [у Расіі] фасфарыт ботамі паляць, там такія выкіды. Якая тут экалогія?

Мужчыны абмяркоўваюць вечаровы прагляд матчаў КХЛ. Хтосьці ўжо закупіў піва.

— Не ведаю, дзе там нагнятаюць у эстонскай прэсе, у нас быццам усё спакойна. Людзі паміраюць, моладзь з’язджае, пенсіянеры застаюцца. Усё дакладна, як па плане. Працы няма. Цяпер будуюць два прадпрыемствы: другі магнітны завод і завод па ўтылізацыі. Вось вы, дарэчы, міма прайшлі — паглядзіце, на каго падобны гэты леў. Вы ж галоўную славутасць не паглядзелі, — раіць Міхаіл.

Я паглядзела. Леў падобны да Пуціна.

“Неспакойна ад таго, што робіць Масква”: ці баяцца ў Нарве нападу Расіі?
Той самы леў

“Белыя бярозы” і дзяцінства ў бабулі

“Вельмі лёгка страціць свабоду, у тым ліку праз страх”, — кажа журналістка Яўгенія Парв.

— Калі мы цяпер пачнём саджаць усіх без разбору, то нічым не будзем адрознівацца ад усходняга суседа. Таму я стараюся размаўляць з людзьмі, якія жывуць у Нарве і працуюць на яе карысць. Яны не кажуць, што пойдуць ваяваць за Расію. Але думаюць па-іншаму. Гэта іх права, і ім можна даваць слова, калі гэта не парушае закон.

Яўгенія нагадвае, што Нарву называюць самым бедным горадам Еўропы. Паводле яе назіранняў, тыя, хто хацеў з’ехаць у Расію, зрабілі гэта яшчэ ў 90-х або ў 2014 годзе. Астатнім ехаць няма куды.

— Акрамя памяці пра Вялікую Айчынную вайну, там іх нішто не сагравае. Хіба што “белыя бярозы” ды ўспаміны пра дзяцінства, калі яно прайшло ў бабулі.

— Але гэтыя людзі абаранялі б Нарву?

— У мяне няма адказу. Я ўвесь час пра гэта думаю, і мне страшна. Я ведаю тых, хто дакладна будзе яе абараняць, але наконт астатніх не ведаю. Гісторыя пастаянна падкідвае такія прыклады. Але мне хацелася б, каб Нарву абаранялі ўсе.

“Неспакойна ад таго, што робіць Масква”: ці баяцца ў Нарве нападу Расіі?

Нягледзячы на гэта, Яўгенія прызнаецца, што любіць Нарву менавіта за людзей: хтосьці шмат робіць для горада, а хтосьці “бедны, няшчасны, але захаваў шчырасць”.

— Бывае, што ў размовах з людзьмі адчуваецца падтрымка Расіі, але часта за гэтым можна пачуць крыўду на Эстонію: калісьці іх не прынялі, хтосьці сказаў, што яны “другі гатунак” праз мову.

У постсавецкіх краінах увогуле ёсць такая гісторыя: гэта не класічная эміграцыя, а вымушаная. Мне здаецца, што дзесьці дзяржава недапрацавала з такімі людзьмі. Бо Эстонія — маладая краіна. Гэта быў новы досвед. Нельга вінаваціць краіну ў тым, што яна спрабавала сябе абараніць. Але людзі адчуваюць, што іх не любяць і кінулі. Яны затрымаліся паміж двума светамі, — кажа Яўгенія.

Украінцы ў Нарве

У 2022 годзе Нарва стала адным з галоўных пунктаў перасячэння мяжы, праз які ўкраінцы з акупаваных тэрыторый выязджалі ў ЕС. Да канца ліпеня 2022 года праз горад праехалі амаль 22 000 украінскіх бежанцаў.

Тады ж у Нарву прыехала Насця з Данецка. Напярэдадні вайны яны з хлопцам разам купілі кватэру ў Кіеве, але пажыць там пары так і не давялося.

“Неспакойна ад таго, што робіць Масква”: ці баяцца ў Нарве нападу Расіі?
Насця ў холе Нарвскага каледжа

За чатыры гады дзяўчына аcвоіла эстонскую мову. Па адукацыі яна настаўніца фізікі і інфарматыкі, аднак яе данецкі дыплом у Эстоніі не прызнаюць. Таму цяпер Насця вучыцца ў Нарвскім каледжы па спецыяльнасці “эстонская філалогія”, а завочна атрымлівае другую адукацыю ў Нацыянальным педагагічным універсітэце імя Драгаманава ў Кіеве — па спецыяльнасці “настаўніца фізікі”.

Нарву пара не разглядае як месца для пастаяннага жыцця. Хоць маладым людзям падабаецца ездзіць у Нарва-Йыэсуу — шпацыраваць па марской набярэжнай. Калі паглядзець направа, адтуль таксама відаць Расію.

Данецк — горад-пабрацім Нарвы. Насця часта праводзіць паралелі паміж гэтымі рэгіёнамі. Але кажа, што, у адрозненне ад Нарвы, у Данецку не было столькі людзей, якія настальгіравалі па СССР.

— Сітуацыя і атмасфера вельмі падобныя. Але ў Данецку гэта было штучна створана людзьмі, якіх туды завезлі, а Нарву пасля Другой сусветнай вайны засялялі рабочым класам. Да 2014 года ў Данецку не было настрояў “мы чакаем Расію” — там усё было нармальна, і людзі выступалі супраць таго, што адбылося. А тут адчуваецца, што людзі нібыта чагосьці чакаюць, але самі не разумеюць, чаго — нейкай ілюзорнай радзімы, не заўважаючы сацыяльных прывілеяў і дапамогі, якую атрымліваюць у Эстоніі.

“Неспакойна ад таго, што робіць Масква”: ці баяцца ў Нарве нападу Расіі?
Насця паказвае СМС-папярэджанні пра небяспеку ў горадзе

Данчанка кажа, што адчувае пагрозу з боку Расіі, у тым ліку праз перажытае. Не так даўно ў Івангарадзе абвяшчалі каменданцкую гадзіну. Насця баялася, што па той бок мяжы могуць сцягваць ваенную тэхніку.

Паводле назіранняў Насці, моладзь у Нарве больш праеўрапейская і не паддаецца прапагандзе. Іх дзеці вучацца ў школах разам з украінскімі дзецьмі, і паміж імі няма канфліктаў. Але праблемы ёсць менавіта са старэйшымі людзьмі.

— У дыялогу нічога не дакажаш. Я спрабавала размаўляць з мясцовай настаўніцай, якая расказвала, што адбываецца ў маім жа Данецку. Калі я спрабавала растлумачыць, што ўсё не так, яна не верыла. Расійская прапаганда вельмі глыбока ўкаранілася ў свядомасці людзей. У Данецку за паўтара года тэлевізар цалкам перапісаў мысленне людзей: ім ужо было цяжка паверыць, што нас чакаюць, што Украіна добра да нас ставіцца. І тут, у Нарве, прапаганда таксама моцна ўплывае.

“Неспакойна ад таго, што робіць Масква”: ці баяцца ў Нарве нападу Расіі?
Нарвскі каледж і сімвалы горада: дзве рыбы (як на гербе) і жоўта-сіні сцяг

“Няма нічога, што магло б аддзяліць гэты рэгіён ад Эстонскай Рэспублікі”

Паводле вынікаў апытання, праведзенага ў пачатку верасня кампаніяй Turu-uuringute, 65% жыхароў Эстоніі лічаць малаверагодным ваенны напад Расіі ў найбліжэйшы час. 27% апытаных адказалі, што напад верагодны, яшчэ 8% не змаглі даць ацэнку.

Пры гэтым адказы прыкметна адрозніваюцца ў залежнасці ад нацыянальнасці. 35% эстонцаў лічаць напад верагодным, а 59% — малаверагодным. Сярод неэстонцаў верагодным напад лічаць толькі 9%, тады як 78% не надта ў яго вераць.

Прыкметная розніца ёсць і паміж рэгіёнамі. У Іда-Вірумаа не выключаюць нападу Расіі 10% апытаных. У Таліне гэты паказчык складае 21%. У Цэнтральнай Эстоніі верагоднасць нападу ацэньваюць як высокую або даволі высокую 37% жыхароў, у Паўднёвай Эстоніі — 33%.

Маёр запасу, спецыяліст па стратэгічных камунікацыях і сувязях з грамадскасцю ў галоўным штабе “Кайтселійта” Ніэме Брус перакананы, што наратыў “Нарва — наступная” — частка расійскай прапаганды.

— Пытанне “Ці будзе Нарва наступнай?”, на жаль, шмат разоў паўтараецца ў заходніх СМІ, бо гучыць інтрыгуюча і прыцягвае ўвагу. Нарва не стане наступнай, бо Эстонія з’яўляецца часткай НАТА і Еўрапейскага саюза. У нас ёсць саюзнікі, і мы гатовыя абараняць сябе ў выпадку неабходнасці. І гэта адна з галоўных задач Саюза абароны Эстоніі.

“Неспакойна ад таго, што робіць Масква”: ці баяцца ў Нарве нападу Расіі?

“Кайтселійт” — добраахвотная ваенізаваная арганізацыя Эстоніі, якая разам з арміяй уваходзіць у склад Сіл абароны краіны. На сёння ў “Кайтселійце” налічваецца каля 30 тысяч грамадзян Эстоніі (сюды ўваходзяць таксама жаночыя і моладзевыя падраздзяленні арганізацыі). Непасрэдна ў баявых падраздзяленнях налічваецца да 20 000 чалавек.

Паводле слоў маёра Бруса, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны за пару месяцаў у Саюз абароны ўступіла больш за 3 000 чалавек. Гэта быў значны прырост.

Яны працуюць і трэніруюцца па ўсёй краіне — у кожным горадзе і мястэчку Эстоніі. Усходняя частка краіны ў гэтым сэнсе не выключэнне.

— Нарва — гэта Эстонія. Няма нічога, што магло б аддзяліць гэты рэгіён ад Эстонскай Рэспублікі. Мы гатовыя абараняць нашу свабоду і краіну паўсюль у Эстоніі, асабліва ў яе ўсходняй частцы, — кажа Брус.

“Неспакойна ад таго, што робіць Масква”: ці баяцца ў Нарве нападу Расіі?

Тым не менш, каб стаць членам Саюза абароны Эстоніі, неабходна быць грамадзянінам Эстоніі.

— Праўда, што ў некаторых рэгіёнах жыве пэўная колькасць людзей без эстонскага грамадзянства — з расійскімі пашпартамі або так званымі шэра-зялёнымі відамі на жыхарства. Гэтыя людзі не могуць быць членамі “Кайтселійта”. Аднак сярод рускамоўнага насельніцтва, асабліва сярод моладзі, ёсць людзі, якія атрымліваюць грамадзянства Эстоніі і ўступаюць у Саюз абароны. У нашых падраздзяленнях даволі шмат маладых людзей з рускамоўных сем’яў.

“Уявіце, калі Расія і прыйдзе, колькі грошай сюды трэба будзе ўкласці!”

Апошнія тры гады галоўнай падзеяй у Нарве стала 9-га траўня. У гэты дзень адзін бераг ракі адзначае Дзень Перамогі, другі — Дзень Еўропы. На расійскім баку ўсталёўваюць сцэну і ўключаюць савецкія песні. На сцяне Нарвскага музея вісіць плакат “Пуцін — ваенны злачынец”. Дырэктарку музея Марыю Смаржэўскіх-Смірнову ў Расіі за гэта завочна асудзілі на 10 гадоў зняволення.

Малады пенсіянер Алег праводзіць сераду ў парку каля музея. Ён не хоча здымацца на камеру, але дзеліцца сваімі эмоцыямі наконт навін пра магчымае ўварванне Расіі.

— Гэта смешна. Еўропа жабрацкая. Эстонія… А тут горад памірае.

Алег упэўнены, што “нічога не будзе”, і дадае, што “тут, у адрозненне ад Украіны, няма чаго браць”. І што ўжо чатыры гады столькі дзяржаў нічога не могуць зрабіць з Расіяй.

— Не трэба чапаць Расію, — кажа Алег. — Ваша дзяржава была ў Маскве? Нават калі даходзілі, то адкочваліся назад. І Расія вас не пераследавала. Дык навошта Расіі ісці ў Польшчу? Каб зноў падымаць эканоміку?

— А навошта яна пайшла ва Украіну? — удакладняю я.

— Зноў вы! Калі б каля вашага дома паставілі сметніцу для радыеактыўных адходаў, вы былі б задаволены?

— Не.

— А калі Украіна дазволіла размясціць на сваёй тэрыторыі ўзбраенне, ракеты, якім ляцець да Масквы 3–5 хвілін?

Алег лічыць, што эстонскую эканоміку “ўгробілі дзядзькі з Еўрасаюза”.

— Там, за мостам [у Расіі], у іх таксама развіваецца толькі абаронная прамысловасць, а праз атакі не хапае бензіну. І тут тое самае: раней фермер заліваў паліва на 300 еўра, а цяпер — на 400. Уявіце, калі Расія і прыйдзе, колькі грошай сюды трэба будзе ўкласці!

“Неспакойна ад таго, што робіць Масква”: ці баяцца ў Нарве нападу Расіі?

Алег глядзіць у бок мяжы і кажа, што турыстаў на памежным пераходзе трымаюць начамі. Тое самае і з нарвіцянамі — яны ездзяць у Расію па танныя прадукты.

— А таго дзядзьку ў белай кашулі гэта не хвалюе. У яго добрыя даходы. А хіба нармальна, што людзі так доўга стаяць на пропуску? Дзе я толькі ні быў у Еўропе — нідзе больш за пяць хвілін не стаяў. Так што спіце спакойна, ніхто не нападзе, — кажа на развітанне Алег.

Мяжа

Памежны пераход з Нарвы ў Івангарад працуе толькі ўдзень і толькі для пешаходаў. Нядаўна Эстонія ўзмацніла мытны дагляд усіх, хто прыбывае з Расіі. З самай раніцы, а то і з ночы, тут збіраюцца чэргі людзей з валізкамі. Большасць з іх — расіяне або замежнікі, якія едуць да сваякоў у Фінляндыю (дзе мяжа з Расіяй цалкам закрытая) ці ў іншыя краіны.

Малады мужчына ездзіць з Санкт-Пецярбурга ў Фінляндыю раз на некалькі месяцаў. Палітыкай не цікавіцца, пра магчымы напад Пуціна на Нарву нічога не чуў.

“Неспакойна ад таго, што робіць Масква”: ці баяцца ў Нарве нападу Расіі?
Чарга на мяжы

Жанчына з валізкай таксама накіроўваецца ў Фінляндыю — наведаць дачку. Навіны яе палохаюць, але з абодвух бакоў. У Расіі яна чуе размовы пра магчымы напад, але, наадварот, з боку Эстоніі.

— Знешняя мяжа Эстоніі з ЕС стабільная з пункту гледжання яе аховы, аднак яна пастаянна зазнае ціск у выглядзе наўмысных правакацый нізкага ўзроўню, якія правяраюць нашы працэдуры, вычэрпваюць рэсурсы і распаўсюджваюць дэзынфармацыю, — каментуе сітуацыю на мяжы начальнік памежнай аховы Дэпартамента паліцыі і памежнай аховы Эстоніі Вейка Камусаар.

У ведамстве нагадваюць, што ўсходняя мяжа Эстоніі — гэта таксама знешняя мяжа ЕС і НАТА.

— Яе бяспека мае стратэгічнае значэнне не толькі для Эстоніі, але і для Еўропы ў цэлым. Развіццё сітуацыі на мяжы пастаянна адсочваецца, пры гэтым дадатковую падтрымку аказваюць супрацоўнікі Frontex і эксперты з іншых еўрапейскіх краін, — паведамляе начальнік памежнай аховы.

“Неспакойна ад таго, што робіць Масква”: ці баяцца ў Нарве нападу Расіі?

Пры падтрымцы “Медыясеткі”

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.