Праз Чыжоўскае вадасховішча ў Мінску пабудуюць мост

Будаўніцтва

Будаўніцтва / "Мінск-Навіны"

У Мінску плануюць пабудаваць некалькі новых мастоў. Пра гэта дзяржаўнаму інфармагенцтву "Мінск-Навіны" расказаў дырэктар прадпрыемства "Гардарбуд" Сяргей Панеў.

Адна з такіх будоўляў мост праз Чыжоўскае вадасховішча, які стане працягам вуліцы Малініна ў бок Лошыцы. Тэрміны яго ўзвядзення пакуль не называюць.

Таксама дарожнікі плануюць пабудаваць пуцеправод праз чыгунку ў раёне вуліц Сярова і Паўла Шпілеўскага. Гэтае будаўніцтва пацягне за сабой цэлы комплекс звязаных задач.

"У прыватнасці, будзе забяспечаны вывад Паўднёвай магістралі праз вул. Асаналіева і будаўніцтва паўнавартаснага скрыжавання. Трэба будзе цалкам перабудаваць транспартную схему пад'ездаў да прамысловай зоны, дзе размешчаны "Рыбакомплекс", "Керамін" і камбінат "Клеон", — удакладняе Панеў.

Сярод іншых задач, якія стаяць перад дарожнікамі, разглядаецца пытанне аб праектаванні і будаўніцтве двух развязак на МКАД — падаўжэнне вуліц Карастаянавай і Нававіленскай.

Цяпер у Мінску будуюць пуцеправод паміж вуліцамі Калеснікава і Ратамскай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.