Пад Мінскам пройдзе буйная будоўля паводле кітайскіх нормаў і без пажарнага нагляду

Будаўніцтва ў індустрыяльным парку "Вялікі Камень"

Будаўніцтва ў індустрыяльным парку "Вялікі Камень" / industrialpark.by

Пад Мінскам, у кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі Камень", пройдзе вялікая будоўля без адпаведнасці беларускім нормам. Там плануецца ўзвесці навукова-вытворчы комплекс па кітайскіх будаўнічых нормах і без некалькіх відаў дзяржнагляду. Адпаведная пастанова Саўміна з'явілася 4 жніўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Узвядзеннем комплексу зоймецца ТАА "Еўразійская біятэхналагічная кампанія". Мяркуецца, што комплекс будзе займацца вытворчасцю субстанцый актыўных інгрэдыентаў харчовага і кармавога прызначэння, у тым ліку ферментаў ды іншых рэчываў мікрабіялагічнага паходжання.

Праектную дакументацыю будзе распрацоўваць кітайская кампанія Tianjushi Engineering Technology Group (ці іншыя арганізацыі з адпаведнымі дазволамі ў Кітаі). Дакументы павінны адпавядаць кітайскім будаўнічым ды іншым нормам. Беларускі бок не будзе праводзіць пры будаўніцтве дзяржаўны пажарны нагляд, нагляд па прамысловай бяспецы, а таксама кантроль па абароне насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны.

Адзіная экспертыза з беларускага боку — экалагічная, наконт адпаведнасці нормам прыродаахоўнага заканадаўства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.