Спрабуючы абысці санкцыі, кампаніі з Беларусі і Кітая страцілі больш за 1 млн рублёў

Махляр падмануў беларусаў і кітайцаў, якія спрабавалі абысці санкцыі, ілюстрацыйнае фота

Махляр падмануў беларусаў і кітайцаў, якія спрабавалі абысці санкцыі, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Нявыяўлены махляр ашукаў беларускую і кітайскую кампаніі, якія спрабавалі абысці міжнародныя санкцыі. Беларуская кампанія страціла на гэтым 1,1 млн рублёў.

Як паведамляе пракуратура Мінскай вобласці, беларуская кампанія купляла абсталяванне ў Кітаі. Зламыснік уступіў у перапіску з беларускай і кітайскай кампаніяй у інтэрнэце. Беларусам ён назваўся прадстаўніком кітайскай фірмы, а кітайцам — прадстаўніком беларускай кампаніі.

Потым ён пераканаў абодва бакі, што ў выніку санкцый яны не могуць разлічыцца наўпрост за пастаўленыя з Кітая камплектуючыя для прамысловага абсталявання. Махляр прапанаваў правесці аплату праз замежныя арганізацыі, якія не трапілі пад санкцыі. Бакі падпісалі дадатковыя трохбаковыя пагадненні. Кітайцы мусілі перадаць абсталяванне кампаніям у Турцыі і Кыргызстане, якія кантраляваў зламыснік. Беларуская кампанія перавяла на рахункі гэтых арганізацыяй больш за 1,1 млн рублёў, аднак да кітайскай фірмы нічога не дайшло.

Пракуратура Мінскай вобласці пачала крымінальную справу па факце махлярства ў асабліва буйным памеры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.