У сетцы зарадак Malanka растлумачылі павышэнне тарыфаў і нядаўні збой

Зарадная станцыя  Malanka

Зарадная станцыя  Malanka / bestbelarus.by

Пасля нядаўняга збою абсталявання сетка электразарадак Malanka абвясціла пра павышэнне тарыфаў. Прычыну гэтага растлумачыў начальнік упраўлення "Маланка" РУП "Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" Павел Кеўліч.

"Тарыф на электраэнэргію для нас, для "Маланкі", быў узняты з 1 лютага. Калі сказаць, што ўваходны тарыф для павольных зарадак павялічылі на 12%, для хуткіх — на 17%. Мы павялічваем на 12% — гэта значыць, па ніжнім парозе", — паведаміў ён у эфіры тэлеканала СТБ.

Тарыфы на зарадных станцыях Malanka павышаныя з 10 сакавіка: зарадка пераменным токам (AC) будзе каштаваць 0,55 руб./кВт∙гадз., пастаянным (DC) — 0,73 руб./кВт∙гадз. Тарыфы ў аператара выраслі ў сярэднім на 12,2−12,3% — гэта менш, чым выраслі кошты "Белэнерга" на электраэнергію.

Адначасова сетка пачала акцыю "Начная выгада": з 22:00 да 6:00 на шэрагу хуткіх станцый DC зарадка будзе каштаваць 0,45 руб./кВт∙гадз. Спіс такіх станцый можна паглядзець у дадатку Malanka new.

Павел Кеўліч таксама згадаў маштабны збой 4 сакавіка, калі больш за суткі было немагчыма зарадзіць электрамабілі ў сетцы па ўсёй краіне. Прычынай называлі аварыю на воблачнай платформе аператара сувязі МТС.

"Я хацеў бы адзначыць два моманты. Першае: у дадзены момант мы праводзім дастаткова скрупулёзны аўдыт ўсіх працэсаў, каб гэта ніколі не адбылося больш. І другое: мы як сацыяльны брэнд у перыяд, пакуль праграмнае забеспячэнне было недаступна, дзе маглі, дзе дацягнуліся, да якіх зарадных станцый, прадастаўлялі паслугі бясплатна і зараджалі нашых кліентаў", — заявіў прадстаўнік сеткі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.