Па ўсёй Беларусі немагчыма зарадзіць электрамабілі на станцыях Malanka

Сетка зарадных станцый Malanka

Сетка зарадных станцый Malanka / "Беларуснафта"

Па ўсёй Беларусі з ладу выйшла сетка зарадных станцый Malanka. Кіроўцы электрамабіляў не могуць зарадзіць свае машыны. Таксама недаступныя спецыяльны мабільны дадатак для кіроўцаў электракараў і адміністрацыйная панэль дыспетчарызацыі.

У кампаніі "Беларуснафта" растлумачылі, што прычынай стала аварыя на воблачнай платформе аператара сувязі МТС.

"У цяперашні момант назіраюцца збоі ў працы нашага прыкладання і сайта — частка функцый часова недаступная. Паводле паведамлення ад СТАА "Мабільныя Тэлесістэмы" (МТС), праблема ўзнікла на іх баку — аварыйная сітуацыя на абсталяванні воблачнай платформы. Спецыялісты "МТС" ужо займаюцца аднаўленнем, і мы спадзяемся, што гэта зойме не занадта шмат часу", — заявілі прадстаўнікі сеткі Malanka.

У сетцы абяцаюць паведаміць, калі сэрвісы адновяць працу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.