У ААН заявілі, што ў Беларусі ўшчамляецца свабода слова і мірных сходаў

У ААН заявілі, што ў Беларусі ўшчамляецца свабода слова і мірных сходаў

У Беларусі ўшчамляецца свабода слова і мірных сходаў. Пра гэта сведчаць папраўкі ў "Закон аб СМІ" і "справа БЕЛТА". З такой заявай на 73-й сесіі Генасамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый заявіў спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне Міклаш Харасці. Ён адзначыў, што па "справе БЕЛТА" затрымлівалі "не менш за 16 незалежных журналістаў на падставе таго, што яны выкарыстоўвалі пароль адзін аднаго для доступа да дзяржаўнай службы навінаў".

Што да паправак у "Закон аб СМІ", дык спецдакладчык заявіў пра ліквідацыю ананімнасці карыстальнікаў у інтэрнэце, паколькі для каментавання будзе патрэбная рэгістрацыя. Закрываецца "апошняя публічная прастора для свабоднага выказвання меркавання", — цытуе словы Міклаша Харасці партал tut.by.

У ААН прагучала і інфармацыя пра пратэсты ў Брэсце, дзе людзі шмат месяцаў праводзяць вулічныя акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Нядаўна было затрымана 14 чалавек, некаторых з іх арыштавалі, паведаміў Харасці. Ён нагадаў і пра смяротнае пакаранне, якое дагэтуль існуе ў Беларусі.

Афіцыйны дакладчык ад Беларусі Іна Васілеўская назвала выступленне Міклаша Харасці "фарсам". "Выкарыстанне правоў чалавека для палітычных маніпуляцый з'яўляецца ганебным", — сказала яна. Прадстаўнік ЕС заклікаў улады Беларусі супрацоўнічаць з спецдакладчыкам, мандат якога афіцыйным Мінскам не прызнаецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі