У Цэнтра абароны персанальных даных ўзніклі пытанні да працы ДАІ

Табло над трасай

Табло над трасай / instagram.com/dorogi_zhodino_smolevichi

У Цэнтра абароны персанальных даных узніклі пытанні да інавацыі ДАІ. Гаворка ідзе пра новую інтэлектуальную сістэму, якую тэстуюць на ўчастку трасы Р53 Слабада-Навасады. Яна выводзіць на табло над праезнай часткай інфармацыю пра парушэнні аўто, якія праязджаюць міма, разам з рэгістрацыйным нумарам аўтамабіля.

Пры гэтым дзяржаўны нумар аўтамабіля лічыцца персанальнымі данымі, якія нельга публікаваць без згоды ўладальніка. Пра гэта ў каментары тэлеканалу АНТ сказаў прадстаўнік Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных Віталь Дзіско.

"Мы падрыхтавалі ліст, каб удакладніць прававыя падставы апрацоўкі персанальных даных", — паведаміў ён.

Новую сістэму ДАІ апрабоўвае на трасе Р53 Слабада — Навасады. Пакуль яна фіксуе чатыры віды парушэнняў: перавышэнне хуткасці, адсутнасць тэхагляду, размова па тэлефоне і непрышпілены рэмень.

У артыкуле 23.7 КаАП гаворыцца што наўмысны незаконны распаўсюд персанальных даных фізічных асоб пагражае штрафам да 200 базавых велічыняў (8400 рублёў).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.