Адміны чатаў, дзе пішуць сваякі вязняў, не вераць, што іх прызналі "экстрэмісцкімі"

Калонія, ілюстрацыйнае фота

Калонія, ілюстрацыйнае фота / zviazda.by

Удзельнікі Viber- і тэлеграм-чатаў, якія аб'ядноўваюць сваякоў вязняў, не вераць, што іх прызналі "экстрэмісцкімі". Адна з прычынаў — тое, што пра гэта паведамляюць толькі незалежныя СМІ, якія блакуюць у Беларусі.

Як пішуць праваабаронцы MAYDAY, удзельнікі аднаго з такіх чатаў нават звярнуліся да інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі, які курыруе нядаўна вызваленага асуджанага. У інспекцыі нічога крамольнага ў наяўнасці такіх чатаў не бачаць і здзівіліся, што іх залічылі ў "экстрэмісцкі спіс". У інспекцыі падкрэслілі, што гэта ініцыятыва не іх, а КДБ і параілі тэрмінова ліквідаваць чат і стварыць новы.

Тым часам адміністратары чатаў нярэдка ігнаруюць паведамленні аб прызнанні іх "экстрэмісцкімі", лічачы іх правакацыяй. Спасылкі на незалежныя СМІ трапляюць пад артыкул аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. У чаце папраўчай калоніі (ПК) №15 выдалілі ўсіх удзельнікаў, якія папярэджвалі пра небяспеку.

У чаце ПК-1 адміністратары для "барацьбы з экстрэмістамі" забаранілі беларускую мову і публікацыю спасылак, а таксама папярэдзілі, што "будуць давацца адказы ў строгай адпаведнасці з законамі РБ". Там адмаўляюцца верыць, што перапіска ў чаце можа быць прызнаная экстрэмізмам. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, сілавікі далі 10 дзён на выдаленне чатаў.

Між тым, удзельнікамі чатаў з'яўляюцца і супрацоўнікі калоній. Таму з пятніцы па просьбе адміністрацыі папраўчых устаноў асуджаныя сталі тэлефанаваць сваякам і папярэджваць, каб тыя выдаляліся з Viber-супольнасцяў. Асабліва гэта тычыцца магілёўскай ПК-15 і наваполацкай ПК-1.

Пры гэтым вязні патрабуюць ад сваякоў выдаліцца з чатаў нават з тых калоній, якія не прызнаныя экстрэмісцкімі. Праваабаронцы робяць выснову, што на ўсялякі выпадак такія званкі арганізаваныя ва ўсіх калоніях.

Адміны чатаў, дзе пішуць сваякі вязняў, не вераць, што іх прызналі "экстрэмісцкімі"
Старонкі чатаў / MAYDAY
Адміны чатаў, дзе пішуць сваякі вязняў, не вераць, што іх прызналі "экстрэмісцкімі"
Старонкі чатаў / MAYDAY

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.