Зяленскі: Расіяне нанеслі адзін з найбуйнейшых удараў па ўкраінскай энергетыцы

 Уладзімір Зяленскі

 Уладзімір Зяленскі / t.me/V_Zelenskiy_official

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ў ноч на 17 кастрычніка расіяне нанеслі адзін з найбуйнейшых удараў па ўкраінскай энергетыцы.

— Былі атакаваныя больш за 15 важных аб'ектаў генерацыі і перадачы электраэнергіі ў розных рэгіёнах Украіны. Працягваюцца аднаўленчыя работы, у іх задзейнічаныя ўсе неабходныя службы і ўсе даступныя сілы ўкраінскіх энергетычных кампаній. Дзякую кожнаму і кожнай, хто працуе практычна без перапынку, каб аднавіць электразабеспячэнне, — заявіў Зяленскі.

Паводле яго слоў, найскладанейшая сітуацыя была ў Луцку, Роўне, Жытоміры, Вінніцы, Шапятоўцы, Славуце і Нетэшыне. Удары таксама прыйшліся па энергетычнай інфраструктуры Харкаўскай, Кіеўскай, Днепрапятроўскай і іншых абласцей.

— Расіяне пашырылі сваю антыэнергетычную аперацыю і спрабуюць максімальна распыліць нашы рэзервы і магчымасці для аднаўлення. Толькі з 19:00 учорашняга дня да 7:00 сённяшняй раніцы супраць нашай энергетыкі, нашых гарадоў і грамад было выкарыстана больш за 320 рэактыўных і бензінавых "шахедаў", а таксама боепрыпасы, якія баражуюць, крылатыя і балістычныя ракеты. І хоць нашым воінам удаецца збіваць значную частку цэляў, масіраванасць і бесперапыннасць расійскіх удараў — менавіта па энергетыцы — на жаль, маюць шмат негатыўных наступстваў.

Украінскі прэзідэнт адзначыў, што еўрапейскія партнёры ўжо падрыхтавалі новыя пакеты падтрымкі для Украіны. Ён таксама нагадаў, што падчас расійскіх удараў па ўкраінскай энергетыцы ў ЗША вырашылі праігнараваць закон Ліндсі Грэма аб "пякельных санкцыях супраць Расіі".

Як заявіў Зяленскі, Расія спрабуе зладзіць ва Украіне блекаут проста перад зімой, таму "неабходны ціск, каб гэта спыніць".

— Амерыканскі санкцыйны блекаут, аслабленне ціску на агрэсара, грашовыя ўзнагароды для Пуціна — усё гэта толькі заахвочвае яго працягваць наносіць удары. Нельга здаваць пазіцыі, трэба спрабаваць скончыць вайну. Скончыць яе, а не даць Пуціну ўсе падставы працягваць бясконца. Дзякуй усім, хто сапраўды змагаецца за мір і дапамагае Украіне!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.