Рэпрэсіі пад выглядам абароны каштоўнасцей: новыя штрафы за “прапаганду” ЛГБТК+ і чайлдфры
Прадстаўнікі ЛГБТК+-актывізму падчас мітынгу, жнівень 2020 года / Еўразійская кааліцыя па здароўі, правах, гендарнай і сэксуальнай разнастайнасці
Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб адказнасці за "прапаганду гомасексуальнасці, педафіліі і чайлдфры" ў Беларусі. Змены закранаюць не толькі ЛГБТК+ супольнасць, але і ўсіх, хто працуе з інфармацыяй, уключаючы журналістаў, псіхолагаў і нават бацькоў. Пра гэта распавёў адвакат Дзмітры Лепрэтар падчас вэбінара, арганізаванага ініцыятывай “Журналісты за талерантнасць”.
Сілавікі цяпер самі будуць вырашаць, дзе прапаганда
Асноўная навіна заключаецца ў прыняцці артыкула 19.16 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, які ўводзіць адказнасць за распаўсюджванне інфармацыі, накіраванай на фарміраванне ў грамадзян уяўлення аб прывабнасці гомасексуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці (чайлдфры) або прызнання дапушчальнасці педафіліі.
Юрыдычна гэтая норма з’яўляецца вельмі спрэчнай, бо выкарыстоўвае бытавы і невыразны тэрмін “прывабнасць”, які не мае дакладнага вызначэння ў заканадаўстве.
Гэта дае міліцыі права паводле свайго меркавання вырашаць, што менавіта лічыць прапагандай, ігнаруючы навуковыя даныя ці міжнародныя абавязацельствы Беларусі ў галіне правоў чалавека.
Асабліва небяспечнай з’яўляецца другая частка артыкула, якая тычыцца азнаямлення з такімі матэрыяламі непаўналетніх, што ставіць пад удар бацькоў падлеткаў, якія спрабуюць растлумачыць дзецям пытанні сексуальнасці.
Для медыя, праваабарончых і грамадзянскіх ініцыятыў гэтыя нормы азначаюць фактычную забарону на нейтральнае ці станоўчае асвятленне тэм, звязаных з ЛГБТК+.
Эксперт прагназуе, што Беларусь пойдзе па расійскім шляху, дзе любое згадванне супольнасці па-за медыцынскім або негатыўным кантэкстам можа быць прызнана прапагандай.
У такіх умовах медыя і актывістам, якія застаюцца ў краіне, прыйдзецца вынайсці "птушыную мову" або выкарыстоўваць выключна медыцынскую тэрміналогію, каб пазбегнуць пераследу.
Пры гэтым дзяржава можа працягваць супрацоўніцтва з некаторымі зарэгістраванымі арганізацыямі толькі ў вузкай сферы прафілактыкі ВІЧ, бо Міністэрства аховы здароўя разумее немагчымасць працы ў гэтай галіне без узаемадзеяння з супольнасцю.
Рызыкі для тых, хто займаецца публічнай камунікацыяй, не абмяжоўваюцца толькі штрафамі. У адносінах да блогераў і журналістаў, якія знаходзяцца за мяжой, адміністрацыйныя справы могуць стаць падставай для вобшукаў у сваякоў у Беларусі і нават канфіскацыі маёмасці (напрыклад, кватэр) у лік нявыплачаных штрафаў.
Публічная ідэнтыфікацыя сябе як ЛГБТК-персоны ў сацыяльных сетках таксама можа быць расцэнена як прапаганда, калі чалавек выглядае "прывабна", што дазваляе ўладам выкарыстоўваць гэты закон як інструмент для "палявання на ведзьмаў" і дэгуманізацыі пэўных груп грамадства.
Такія спецыялісты, як псіхолагі ці сексолагі, сутыкнуцца з маральным выбарам: захоўваць прафесійную этыку і дапамагаць кліентам або падпарадкоўвацца закону, які фактычна забараняе прызнанне гомасексуальнасці нормай.
Лэпрэтар лічыць, што прыняцце такіх нормаў вядзе да прававога дэфолту, дзе замест выразнай інструкцыі грамадства атрымае яшчэ адну дубінку для адвольнага свавольства ў руках праваахоўных органаў.