У Беларусі хочуць зрабіць уласны лакаматыў: ці атрымаецца? Меркаванне экспертаў
Цеплавоз ТМЭ1 / railwayz.info
У плане мерапрыемстваў Міністэрства транспарту на 2026 год ёсць пункт пра "фарміраванне канцэпцыі рэалізацыі праекта па стварэнні беларускага лакаматыва". Распрацаваць дакумент даручана кіраўніцтву Беларускай чыгункі (БЧ) і службе лакаматыўнай гаспадаркі. Пра гэта піша "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі" і тлумачыць, чаму гэтая задумка, на іх думку, асуджаная на правал.
БЧ ужо спрабавала выпускаць "уласныя" цеплавозы, нагадваюць у "Супольнасці". Мадэлі цеплавозаў ТМЭ1 і ТМЭ2 прадстаўлялі сабой глыбокую мадэрнізацыю старых ЧМЭ3Т, а ТМЭ3 — амаль поўную зборку з нуля.
Аднак ключавым элементам усіх гэтых праектаў былі чэшскія машынакамплекты CZ LOKO. Менавіта яны забяспечвалі тэхналагічную аснову, а мадэрнізацыя і зборка вяліся пад кантролем чэшскіх спецыялістаў. Нават сэрвіснае абслугоўванне залежала ад іх удзелу.
Пасля сыходу CZ LOKO з Беларусі ў 2020 годзе сітуацыя рэзка пагоршылася. Без кваліфікаванага сэрвісу і арыгінальных запчастак большая частка цеплавозаў ТМЭ апынулася ў непрацоўным стане.
Надзейнасць астатніх машын знізілася, а рамонт стаў праблемай, якую БЧ не можа вырашыць уласнымі сіламі.
Нават купіць не могуць
БЧ планавала закупіць кітайскія электравозы БКГ2. Але перашкодзілі санкцыі, складанасці з разлікамі і камплектуючымі. Здзелка застапарылася, а БЧ засталася без новых электравозаў і без альтэрнатыўных варыянтаў.
Расійская тэхніка магла б стаць выйсцем, але яе кошт для БЧ занадта высокі. Перадача шасці манеўровых цеплавозаў ТЭМ18ДМ у Гомельскае дэпо стала хутчэй разавай акцыяй, чым пачаткам сістэмнага абнаўлення.
"Супольнасць" лічыць, што даручэнне Мінтранса аб стварэнні "беларускага лакаматыва" выглядае хутчэй як бюракратычны жэст, чым як рэальны праект.
У краіне няма ні інжынернай школы, ні вытворчых магутнасцяў, ні доступу да сучасных тэхналогій, якія дазволілі б распрацаваць і выпускаць уласны лакаматыў. Нават мадэрнізацыя існуючых машын аказалася немагчымай без замежнага ўдзелу.