Зубр-дыпламатыя: Беларусь хоча пастаўляць зуброў у Грузію. Норм ці сумнеўна?

Зубр

Зубр / travel.by

Пасля наведвання Грузіі з рабочым візітам у сярэдзіне сакавіка 2026 года намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Юрый Шулейка даручыў прапрацаваць пытанне пастаўкі беларускіх зуброў у Грузію для стварэння новай папуляцыі.

Задача была пастаўлена Міністэрству прыроды. Пратакол Савета міністраў ёсць у рэдакцыі Еўрарадыё, а атрыманы ён ад ініцыятывы BELPOL.

Падобна, што ўрад Беларусі хоча развіваць зубр-дыпламатыю па аналогіі з панда-дыпламатыяй Кітая.

Еўрарадыё пацікавілася ў біёлага Інэсы Балоцінай, эксперткі Альянсу "Зялёная Беларусь", наколькі такая ідэя рэалістычная і ці прыжывуцца беларускія зубры на Каўказе.

Зубры на Каўказе — не навіна, адзначае экспертка.

— Яны сустракаліся там яшчэ ў XIX — пачатку XX стагоддзя, але былі знішчаны, як і ў Белавежскай пушчы. Каўказскія зубры крыху адрозніваліся ад пушчанскіх: гэта быў горны падвід, які меў асаблівасці ў біялогіі і экалогіі ў параўнанні з раўніннымі жывёламі. Яны былі крыху меншыя і мелі больш густую воўну, — распавядае Балоціна.

Аднак у пачатку 1940-х гадоў XX стагоддзя папуляцыю зуброў на Каўказе аднавілі.

— Сёння яны там сустракаюцца — на тэрыторыі Каўказскага біясфернага запаведніка і бліжэй да мяжы з Грузіяй. Гэта тэрыторыя, якая цяпер знаходзіцца пад кантролем Расіі, уключаючы частку, раней аддзеленую ад Грузіі. Тэарэтычна зубры могуць жыць на значнай частцы Каўказа, але не ўсюды, а толькі там, дзе ёсць адпаведныя ўмовы і дастатковая кармавая база.

Сярод краін Каўказа зубры ёсць і ў Азербайджане. Гэты праект рэалізуецца ўжо некалькі гадоў у супрацоўніцтве з еўрапейскімі краінамі і заапаркамі, пераважна з Германіі.

Зубр-дипломатия: Беларусь хочет поставлять зубров Грузии

Якія плюсы для прыроды Каўказа, калі там з’явяцца беларускія зубры? Магчыма, нават дазволяць паляванне?

— З’яўленне зуброў у Грузіі магло б стаць дадатковым элементам біяразнастайнасці і павысіць турыстычную прывабнасць краіны, — лічыць Балоціна.

— Хутчэй за ўсё, жывёл размесцяць у запаведнай тэрыторыі, што стане дадатковым стымулам для развіцця турызму. Пры належным доглядзе зубры могуць добра прыжыцца ў Грузіі. Важна выконваць правілы рэінтрадукцыі: спачатку ўтрымліваць жывёл у вальерах, назіраць за імі, пры неабходнасці падкормліваць і забяспечваць ветэрынарны кантроль.

Гістарычна зубры жылі і на тэрыторыі Грузіі, але былі там знішчаны. Таму іх вяртанне азначала б аднаўленне віду і ўзбагачэнне фаўны краіны.

Што да супрацоўніцтва з Беларуссю, магчымы розныя варыянты: частка жывёл можа быць перададзена як дыпламатычны жэст, частка — прададзена. Не выключаецца і ўдзел прыватных інвестараў, якія могуць набываць жывёл і ўдзельнічаць у такіх праектах, — падсумоўвае біёлаг.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.