“Не вымяраць, хто больш адпакутаваў”. Каця Андрэева ўбачыла фільм, натхнёны яе гісторыяй
Рэжысёркі Мара Тамковіч / LookByMedia
7 траўня 2026 года ў Варшаве прайшоў паказ фільма Мары Тамковіч “Пад шэрым небам” з удзелам журналісткі і былой палітзняволенай Кацярыны Андрэевай. Зняць гэта кіно аўтарку натхніла гісторыя Кацярыны і яе мужа, Ігара Ільяша.
Пасля прагляду гледачы задавалі свае пытанні Мары Тамковіч і Кацярыне Андрэевай. Еўрарадыё прысутнічала на мерапрыемстве і пераказвае самыя цікавыя моманты размовы.
Аглядальнік Тарас Тарналіцкі спытаў Кацярыну, наколькі вобраз гераіні ў фільме адпавядае яе характару, памкненням і амбіцыям?
Кацярына Андрэева высока ацаніла мастацкую і акцёрскую працу. Яна адзначыла, што ўбачыла “вельмі праўдападобную Лену [так завуць галоўную гераіню фільма. — Еўрадыё], нават больш праўдападобную, чым я чакала”.
— Але яна вельмі рэзкая. Мне здаецца, што ў сям’і, у сваім блізкім атачэнні я не настолькі рэзкі чалавек. І калі я ішла на тую апошнюю сустрэчу… Я, дарэчы, ніколі не выходзіла з дому, не абняўшы Ігара. Нават калі гэта было кароткае развітанне, нават калі проста ішла ў краму, я ўсё адно яго абдымала. Таму проста схапіць рэчы і выбегчы — для мяне гэта было б немагчыма, хіба што пасля нейкай сваркі.
Але вельмі дакладна вытрыманы тэмперамент у тых сцэнах, дзе гераіня адмаўляецца ісці на ўступкі, калі яна нібыта пагаджаецца, а потым усё роўна не можа. Гэтыя ўнутраныя ваганні перададзены вельмі праўдападобна і сапраўды добра.
Аднак нашы сустрэчы з Ігарам [падчас спатканняў у калоніі. — Еўрарадыё] праходзілі ў вельмі лёгкай, спакойнай, душэўнай атмасферы. Мы шмат жартавалі. Нават на гэтых кароткіх спатканнях, нягледзячы на ахову, спявалі песні.
Але самі сустрэчы былі іншымі. У мяне амаль не было слёз у вачах, за выключэннем нейкіх сапраўды цяжкіх момантаў, напрыклад, калі я даведвалася пра хваробы блізкіх. Вось гэта былі сапраўдныя прычыны для слёз.
І яшчэ пра тую сцэну першага доўгага спаткання ў фільме: Ігар ніколі не прывёз бы мне такую вопратку. Ён бы прывёз чырвоную сукенку з дэкальтэ, выбачайце, — жартуе Кацярына Андрэева.
— Пасля вызвалення вы казалі, што не будзеце глядзець фільм, пакуль ваш муж не выйдзе на волю. Чаму вы ўсё ж змянілі сваё рашэнне?
— Я змяніла рашэнне, таму што спачатку мне здавалася, што я не вытрымаю. Баялася, што буду моцна плакаць, не змагу стрымаць эмоцыі, і не хацелася паказваць гэта публічна. Відаць, я нават саромелася сваёй магчымай рэакцыі.
Але потым я зразумела некалькі рэчаў. Па-першае, Ігар глядзеў гэты фільм, калі я яшчэ была ў зняволенні. Ён здолеў — значыць, і я змагу.
Па-другое, для мяне вельмі важна выкарыстаць гэтую магчымасць, каб паказаць фільм менавіта цяпер, калі рыхтуюцца чарговыя вызваленні палітвязняў, і яшчэ раз прыцягнуць увагу да справы Ігара. Таму я сёння ўзяла з сабой гэты фотаздымак.
Я вельмі хачу звярнуць увагу міжнароднай супольнасці і беларускіх дэмакратычных інстытутаў на ягоны выпадак. Ігар цяпер знаходзіцца ў бабруйскай калоніі №2. Ён асуджаны на чатыры гады, і яму застаецца яшчэ два з паловай.
Умовы ягонага ўтрымання значна цяжэйшыя за тыя, у якіх была я. У нас няма ніякага кантакту, але я маю магчымасць атрымліваць інфармацыю пра ягоны стан. І ягонае здароўе цяпер сапраўды патрабуе вельмі пільнай увагі.
Я яшчэ раз падкрэслю: ягоныя ўмовы значна цяжэйшыя за мае. І я хацела б цяпер перадаць гэты партрэт спадарыні Святлане Ціханоўскай, каб яна выкарыстала яго пры першай магчымасці.
У Мары Тамковіч спыталі, ці не баялася яна, што Кацярыне Андрэевай, калі яна была яшчэ ў калоніі, праз паказ фільма можа стаць горш?
— Мы, канечне, абмяркоўвалі гэта з Ігарам [мужам Андрэевай. — Еўрарадыё]: павінен фільм выйсці ці не. З аднаго боку, я адчувала згоду і разумела, што не маю права быць разумнейшай за чалавека, які сам прымае рашэнні пра сваё жыццё. Калі выбар зроблены, я яго прымаю і лічу яго таксама сваім.
Але па-чалавечы ў мяне ўзнікалі пытанні і сумневы. Кожнае слова пасля гэтага я прадумвала: "Божа, ці магу я так сказаць, ці не?" Калі мне трэба было выходзіць атрымліваць узнагароду за фільм, я ўвесь час думала пра межы таго, што можна сказаць.
У Кацярыны Андрэевай спыталі пра публічнасць — гэта плюс ці мінус для палітвязняў, якія яшчэ знаходзяцца за кратамі?
— Я ўжо казала пра гэта раней і магу паўтарыць цяпер: за гэтыя пяць гадоў я прыйшла да высновы, што публічнасць можа шкодзіць у кароткатэрміновай перспектыве. Яна можа стаць падставай для дадатковага ціску ў калоніі, для здзекаў і нават пакаранняў.
Калі чалавек публічны і пра яго пастаянна згадваюць у медыя, гэта часам проста выкарыстоўваюць як нагоду для новых санкцый супраць яго.
Дарэчы, у фільме ёсць сцэна пра карцар, пра ШІЗА. На шчасце, мне ўдалося гэтага пазбегнуць. Але многія мае каляжанкі сапраўды праз гэта прайшлі. Адзінае — перад тым, як мяне забралі па другой справе, мяне на суткі змясцілі ў такія ўмовы, таму я магла пабачыць, як гэта выглядае знутры. Але ў якасці дысцыплінарнага пакарання мяне туды не змяшчалі.
Калі вяртацца да публічнасці, то так — яна можа правакаваць дадатковы ціск. Але гэта ўсё ж кароткатэрміновы эфект. Калі вытрымаць гэты перыяд і разумець, што ў доўгатэрміновай перспектыве публічнасць працуе на карысць, то плюсаў усё ж больш.
Калі прозвішча чалавека прысутнічае ў інфармацыйнай павестцы, пра яго памятаюць, ягонага вызвалення патрабуюць. Таму, калі ўзважваць плюсы і мінусы, я ўсё ж сказала б, што плюсаў больш. Проста трэба вытрымаць той ціск, які адбываецца на месцы.
Гэтыя людзі вельмі абмежаваныя, у іх шаблоннае мысленне. Калі яны бачаць згадкі пра чалавека ў медыя ці тэлеграм-каналах, у іх адразу спрацоўвае рэакцыя: ціснуць, не адпускаць, здзекавацца. З’яўляецца гэтае стаўленне: "Чаго гэта ты такая папулярная? Зорка?"
Але калі здолець ад гэтага абстрагавацца і ставіцца спакойна, то ўсё можна вытрымаць. І плюсаў сапраўды больш.
У фільме адной з ключавых сцэн з’яўляецца разважанне герояў пра выезд з Беларусі праз бяспеку. У Кацярыны Андрэевай і Мары Тамковіч запыталі пра гэта.
— Мы калісьці хацелі застацца са сваім народам, на адной планеце. Але цяпер мы тут [у эміграцыі. — Еўрарадыё]. І як вы сябе адчуваеце цяпер? Мы ўсё яшчэ на адной планеце? Наша планета стала шырэйшай? Ці, можа, мы ўвогуле засталіся без планеты? Што цяпер адбываецца з намі?
Мара так адказала на гэтае пытанне:
— Мой адказ, напэўна, будзе не зусім прамы. Я вельмі старалася, каб у фільме не было ацэнкі таго ці іншага выбару.
Я, напрыклад, жыву ў Польшчы ўжо 20 гадоў, але гэта ніяк не звязана з выбарам "з’ехаць" ці "застацца". Таму на мой асабісты досвед гэта не пераносіцца.
І цяпер, зыходзячы са сваіх перакананняў, я не думаю, што існуе нейкі адзін правільны выбар — застацца або з’ехаць. Ёсць толькі найлепшы выбар для канкрэтнага чалавека ў канкрэтны момант жыцця.
Для кагосьці ад’езд быў адзіна магчымым і правільным рашэннем. Для іншага чалавека такім рашэннем было застацца. І кожны з гэтых выбараў, на мой погляд, заслугоўвае павагі і разумення.
Кацярына Андрэева падтрымала Мару.
— Я вельмі хачу падтрымаць цябе, Мара, і таксама сказаць, што паважаю кожны выбар.
Мне б вельмі не хацелася, каб мы цяпер у эміграцыі пачалі вымяраць, хто больш адпакутаваў. Бо нехта правёў у турме тры месяцы — але гэта маглі быць такія тры месяцы, пасля якіх чалавек сівее. А нехта правёў пяць гадоў — і гэта ўжо велізарны кавалак жыцця, за які можна страціць блізкага чалавека, перажыць цяжкія хваробы, убачыць, як пачынаецца вайна.
Але і пакуты людзей у эміграцыі нельга прыніжаць. Так, гэта фізічная адарванасць ад Беларусі, але Беларусь — яна ўсё роўна тут, унутры нас.
Таму вельмі хацелася б больш еднасці паміж намі і менш спроб вызначыць, хто пакутаваў больш. Бо эміграцыю часам сапраўды параўноўваюць са стратай блізкага чалавека.
Давайце памятаць пра гэта і ставіцца адзін да аднаго больш далікатна і пяшчотна.