У Польшчы сказалі, ці пусцяць пасажырскія цягнікі ў Беларусь пасля вызвалення Пачобута
Цягнік, ілюстрацыйнае фота / rw.by
Зняволенне Анджэя Пачобута называлі асноўнай перашкодай для ўлагоджвання беларуска-польскіх адносінаў. Днямі экс-палітвязня перадалі ў Польшчу. Пасля гэтага выданне "Зеркало" звярнулася ў Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, каб даведацца, ці плануецца аднаўляць пасажырскія чыгуначныя зносіны з Беларуссю.
У прыватнасці, гаворка ішла пра электрычкі па маршрутах Кузніца — Гродна і Тэрэспаль — Брэст, а таксама пра цягнікі Варшава — Мінск.
Але ў польскім ведамстве журналістаў расчаравалі, заявіўшы пра наяўнасць іншых перашкодаў:
"У цяперашні час не вядзецца заканадаўчая праца, накіраваная на аднаўленне пасажырскага руху на чыгуначных пераходах з Беларуссю. Сітуацыя на мяжы з Беларуссю з'яўляецца элементам гібрыднай вайны, накіраванай супраць Польшчы і ЕС рэжымамі ў Менску і Маскве. Поўная адказнасць за лёс мігрантаў на беларускім баку ляжыць на ўладах гэтых краін, якія інструментальна выкарыстоўваюць гэтых людзей у палітычных мэтах, арганізуючы спробы штурму мяжы".
Таксама ў польскім міністэрстве нагадалі, што для процідзеяння нелегальнай міграцыі на некаторых памежных пераходах рух быў дазволены толькі для пэўных катэгорый асоб і транспартных сродкаў. Напрыклад, на чыгуначных пераходах "Кузніца — Гродна", "Семянуўка — Свіслач" і "Тэрэспаль — Брэст" адбываецца толькі грузавы рух.
Пасажырскія цягнікі не ходзяць паміж Беларуссю і Польшчай ад сакавікау 2020 года. Спярша на гэта паўплывала пандэмія COVID-19, а потым — палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі і міграцыйны крызіс на мяжы.