Чарговы беларускі аўтобус не пусцілі ў Літву
Аўтобус, ілюстрацыйнае фота
Стала вядома пра яшчэ адзін рэйсавы аўтобус, які не пусцілі ў Літву пасля ўвядзення новых абмежаванняў. Першы такі выпадак адбыўся напярэдадні, цяпер стала вядома пра другі.
Як піша транспартна-лагістычны партал Infotrans, у Літву не пусцілі аўтобус "Мінсктранса", які выехаў з беларускай сталіцы 5 траўня ў 22:00.
"Пасажыры прабылі на мяжы прыкладна 3,5 гадзіны. Пазней за дадатковую плату іх пагадзіўся давезці да Вільні кіроўца іншага аўтобуса. У аэрапорт прыбылі прыкладна ў 05.00", — паведамляе Infotrans.
Таксама з праблемамі на мяжы сутыкнуўся аўтобус кампаніі Ecolines. Паводле звестак Infotrans, яго "адправілі на рэнтген, пасля якога ён больш не вярнуўся". Але да гэтага аўтобуса пытанні ў літоўскіх мытнікаў узніклі не толькі праз лішняе паліва, як пішуць у профільных чатахў па праходжанні мяжы.
Новыя абмежаванні дзейнічаюць у Літве з 3 траўня. Увозіць з Беларусі ці Расіі паліва ў стандартных баках транспартных сродкаў забаронена, калі яго аб'ём перавышае 200 літраў.