Матэрыялы інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org аднавілі пасля хакерскай атакі
Яраслаў Іванюк / facebook.com/jaroslaw.iwaniuk
Удалося аднавіць частку матэрыялаў інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org, на якую 7 траўня адбылася атака хакераў. Пра гэта заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі і дырэктар аднайменнага выдавецтва Яраслаў Іванюк расказаў у каментары Радыё Свабода.
Ён дадаў, што для наведнікаў сайт пачне працаваць не адразу: спачатку трэба пераканацца, што няма шкоднага віруса. Іванюк не ўдакладніў, калі менавіта пачне працаваць сайт і не ўзяўся ў адсотках ацаніць долю матэрыялаў інтэрнэт-бібліятэкі, якую ўжо ўдалося аднавіць.
"Сайт адноўлены фактычна поўнасцю. Цяпер займаемся ўдасканаленнем структуры, каб унікнуць падобнага роду атак у будучыні. Праца ідзе, але калі яна будзе завершаная, сказаць пакуль складана", — патлумачыў ён.
Пра здарэнне з інтэрнэт-бібліяткай Іванюк паведаміў ва ўстанову польскай сыстэмы кібербяспекі CERT Polska — каманду рэагавання на надзвычайныя сітуацыі ў інтэрнэце. CERT Polska, аднак, не займаецца расследаваннямі. Таму Іванюку прапанавалі запоўніць адпаведныя дакумэнты аб здарэнні.
Кіраўнік Kamunikat упэўнены, што пад пагрозай апынуліся і сайты іншых культурніцкіх беларускіх праектаў. Таму ён заклікаў калег да пільнасці.
Атакі на інтэрнэт-бібліятэку пачаліся ў кастрычніку 2025-га, кажа Іванюк. Тады рэзка выраслі запыты з IP-адрасоў, зарэгістраваных у Кітаі: "У лістападзе іх было ўжо ў тысячу разоў болей. Ад атакі ў канцы снежня ўдалося адбіцца, але атака цяпер была яшчэ больш масавая: на нас напалі адначасова з адрасоў у Тайвані, Сінгапуры, Інданезіі, іншых паўднёваазіяцкіх краін".
Kamunikat.org — найбольшая беларуская электронная бібліятэка. Там сабраныя не толькі кнігі, але і беларуская перыёдыка. У 2025 годзе рэжым Лукашэнкі ўключыў сайт у спіс "экстрэмісцкіх матэрыялаў".