ДФР праводзіць ператрусы і арышты сярод перавозчыкаў — СМІ
Фуры, ілюстрацыйнае фота
Дэпартамент фінансавых расследаванняў Дзяржкантролю ўзяўся за беларускіх транспартнікаў. У кампаніях адбываюцца ператрусы і арышты.
Як піша "Наша Ніва", за апошнія два тыдні ператрусы і арышты адбыліся ў офісах найбуйнейшых лагістычных кампаній Беларусі: "ПраЛіў", "Тэлс Глобал", "ВестТрансЛайн", "Інтэртрансаўта" ды іншых. Пачалося ўсё з прыходу ДФР да "Джэнці-Спедышн" на пачатку года. У кампаніі прызналі віну і заплацілі шматмільённы штраф, пасля чаго фінансавая міліцыя пайшла па іншых кампаніях лагістычнай сферы з аналагічнымі прэтэнзіямі.
Паведамляецца, што супрацоўнікаў фірмаў масава не затрымліваюць, але адбываюцца затрыманні бенефіцыяраў і дырэктараў. Візіты сілавікоў праходзяць у стылі "маскі-шоу" з выбітымі дзвярыма.
Кампаніям інкрымінуюць пазбяганне падаткаў, за што пагражае ад 5 да 12 гадоў калоніі. Кіраўнікам кампаній налічваецца штраф сыходзячы з памеру недаплачанага — па ацэнках органаў — у бюджэт.
Як мяркуюць у ДФР, калі камерцыйная дзейнасць ажыццяўляецца ў Беларусі, а аплаты за яе прыходзяць на рахункі ў іншых юрысдыкцыях, гэта падстава і для далічэння падаткаў, і для крымінальнай справы.