Турчын даручыў МЗС Беларусі актывізаваць кантакты з "правымі" партыямі ЕС

Аляксандр Турчын

Аляксандр Турчын / berezino.by

Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын пасля пасяджэння калегіі МЗС па выніках працы ў 2025 годзе даручыў ведамству "працягнуць мэтанакіраваную працу па данясенні па ўсіх лініях кантактаў, у тым ліку з палітычнымі сіламі “правага” кірунку, пазіцыі пра тупіковасць санкцыйнага падыходу ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь".

Гэта вынікае з пратакола пасяджэння Савета Міністраў Беларусі ад 17 сакавіка 2026 года. Дакумент у распараджэнне рэдакцыі Еўрарадыё перадала ініцыятыва BELPOL.

Таксама прэм’ер Беларусі даручыў працягнуць інфармацыйную барацьбу супраць санкцый з боку "бізнес-супольнасці, медыя і экспертнай супольнасці".

Нагадаем, што санкцыйны ціск Захаду пачаўся пасля жорсткага падаўлення мірных пратэстаў 2020 года ў Беларусі, а затым — пасля прымусовай пасадкі ў маі 2021 года самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце і пачатку міграцыйнага крызісу на межах з ЕС.

Частка санкцый была прыпыненая адміністрацыяй Дональда Трампа ў абмен на вызваленне вялікіх груп палітычных зняволеных. Ніводная еўрапейская санкцыя не была прыпыненая або скасаваная.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.