Парламент ухваліў законапраект аб "прапагандзе педафіліі і чайлдфры". Навошта нас блытаюць
Рэпрэсіі працягваюцца / @rubanau_collage
— Па сутнасці, дзяржава ўмешваецца ў тую сферу, у якую ўмешвацца не павінна. Гэта сфера прыватнага жыцця чалавека.
Так каментуе юрыст Дзмітрый Лепрэтар законапраект, які ўводзіць адміністрацыйную адказнасць за "прапаганду гомасэксуальных адносін, змены полу, бездзетнасці, педафіліі".
Дакумент ужо ўхваліў беларускім парламентам.
Са слоў Аляксандра Лукашэнкі, "заходняя мода на чайлдфры, любая папулярызацыя ідэй бездзетнай сямейнай пары ў нашай інфармацыйна-культурнай прасторы павінна прыпыняцца".
Юрысты б’юць трывогу. Слова "прапаганда" ў тэксце законапраекта не мае вызначэння, а значыць яго межы вызначаюць самі ўлады.
— Нелегітымнае вызначэнне. Гэта проста бытавое паняцце. Па сутнасці, гэты тэрмін атрымліваецца "гумовым", — абураецца Дзмітрый Лепрэтар у інтэрв’ю "Радыё Свабода".
Па словах юрыста, пад гэта паняцце можна прыцягнуць усё: допіс у сацсетках, лайк, нават размову бацькоў з дзіцём. Прэцэдэнты ўжо ёсць. У Расіі, адкуль беларускі закон фактычна скапіяваны, прапагандай прызналі нават вясёлку, якая намаляваная на пачцы марозіва.
Што рабіць?
— Цяпер, з улікам таго, што ў прынцыпе адбываецца ў Беларусі, у мяне складаецца ўражанне, што наогул вельмі рызыкоўна весці сацыяльныя сеткі, — кажа Дзмітрый Лепрэтар. — Што б ты не напісаў, гэта можа нейкім чынам адбіцца на тваёй будучыні і выклікаць непаразуменні.
Так, гэта самацэнзура. Бясспрэчна, яна будзе. Мне б, канешне, не хацелася цяпер заклікаць супольнасць маўчаць, бо свабода выказвання меркаванняў — гэта такая рэч… Калі людзям неабходна самавыяўленне, яны будуць гэта рабіць. Але трэба разумець, што цяпер гэтае самавыяўленне моцна абмежавана.
Юрыст падкрэслівае: у адным законапраекце аб’яднаны зусім розныя выпадкі.
Сэксуальная арыентацыя — гэта не выбар.
Жаданне не мець дзяцей — асабістае рашэнне.
Педафілія — злачынства, якое ўжо цяпер караецца крымінальна.
— Таму такое суседства — наўмысная спроба зблытаць паняцці ў галовах людзей, — тлумачыць юрыст.