Навучэнцы гродзенскіх каледжаў слаба ўступаюць у БРСМ — пракуратура

БРСМ

БРСМ / gorkiv.by

Пракуроры Гродзенскай вобласці засталіся незадаволеныя патрыятычным выхаваннем навучэнцаў у рэгіёне.

У пракуратуры заявілі, што непаўналетнія працягваюць распаўсюджваць у інтэрнэце забароненыя матэрыялы. Напрыклад, згадалі два выпадкі, калі школьнікі публікавалі ў месенджарах нацысцкую сімволіку ды "іншую інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў".

Не спадабаўся пракурорам і фармальны падыход у арганізацыі факультатываў патрыятычнай накіраванасці: "З прычыны аслаблення кантролю з боку кіраўнікоў устаноў адукацыі дапускаліся факты фармалізму пры арганізацыі працы, неналежнага ўліку праведзеных заняткаў і парушэння педагогамі працоўнай дысцыпліны".

У каледжах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі пракуроры заўважылі малую колькасць чальцоў праўладнага БРСМ, а таксама "недахопы ў працы ваенна-патрыятычных клубаў".

Не спадабалася ведамству і тое, што на інфармацыйных стэндах некаторых установаў адукацыі былі неактуальныя звесткі аб расследаванні крымінальнай справы пра "генацыд беларускага народа".

Па выніках праверкі пракуроры зрабілі чыноўнікам і кіраўнікам установаў адукацыі 12 прадстаўленняў. Ад намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама запатрабавалі прыняць "вычарпальныя меры".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.