Тры швы на галаве: брат Дар'і Домрачавай расказаў, як яго затрымалі ў Мінску

Затрыманне Мікіты Домрачава / Скрыншот з відэа
Затрыманне Мікіты Домрачава / Скрыншот з відэа

11 кастрычніка падчас Маршу годнасці быў затрыманы Мікіта Домрачаў, старэйшы брат біятланісткі і Героя Беларусі Дар'і Домрачавай. Мікіту пры затрыманні павалілі на зямлю, збівалі дубінкамі і нагамі, потым правялі барцоўскі прыём, зноў білі, трымалі за валасы. Хоць, па словах мужчыны, у пратэстах ён удзелу не прымаў — проста ехаў на ровары па набярэжнай Свіслачы.

— Мяне затрымалі на Зыбіцкай. Я ехаў на ровары па веладарожцы, — расказвае Еўрарадыё Мікіта. — Людзі пачалі бегчы. Я спыніўся. Потым на нас пабеглі шарэнгай салдаты. З-за рага выскачыла шарэнга іншых салдат, у чорных масках і касцюмах. Адразу павалілі на зямлю, пачалі біць па галаве і целе, не тлумачачы і не прадстаўляючыся.

Я спалохаўся за ровар, таму што ён мне вельмі дарагі. Я стараўся даць зразумець, што без ровара не пайду. Спрабаваў падысці да ровара, каб забраць яго. Мяне звалілі з ног і пачалі біць яшчэ больш. Я не ўдзельнічаў у мітынгу. У мяне не было ніякай сімволікі. Я ехаў па веладарожцы і проста трапіў у гэтую заварушку.

Затрыманне Мікіты трапіла на відэа, знятае з акна бізнес-цэнтра:

— Мяне адразу закінулі ў аўтобус з "чорнымі людзьмі", іх там было чалавек восем. Я быў на падлозе, мяне яшчэ тыкалі дубінкамі, пагражалі і нецэнзурна выказваліся, — расказвае Мікіта пра тое, што было далей. — Потым мяне перасадзілі ў іншы аўтобус да іншых міліцыянераў. Яны былі больш ветлівыя, аказалі мне першую дапамогу. Я працягваў сцякаць крывёю, прасіў хуткую, але ніхто нічога не выклікаў.

Мяне яшчэ гадзіну вазілі па горадзе. Хуткая мяне забрала з РУУС, таму што ў мяне былі моцныя раны на галаве. Павезлі ў бальніцу, там мяне шпіталізавалі. Сёння я напісаў адмову ад шпіталізацыі і пайшоў дадому.

Галава разбітая ў трох месцах, зашывалі тры раны. Таксама пабоі на ўсім целе ад дубінак.

Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава раней вельмі асцярожна выказвалася пра сітуацыю з гвалтам на беларускіх вуліцах.

Три шва на голове: брат Дарьи Домрачевой рассказал, как его задержали в Минске

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі