Калі б мы перамаглі ў 2020-м, вайны ва Украіне не было б — Бабарыка
Віктар Бабарыка / "Наша Ніва"
Калі б у Беларусі ў 2020 годзе змянілася ўлада, то ваеннай агрэсіі Расіі ў 2022-м магло не быць. Такое меркаванне выказаў Віктар Бабарыка ў гутарцы на канале "ТОК".
"Я, можа быць, шмат на Беларусь адводжу, але я лічу, што калі б мы перамаглі, то вайны б не было. Проста яе б не было", — заяўляе ён.
Бабарыка сцвярджае, што пасля падзей 2020 года Расіі спатрэбіўся знешні вораг, каб утрымаць уладу ўнутры краіны. На яго думку, на прыкладзе Беларусі Крэмль пабачыў, што нават спакойныя і памяркоўныя людзі могуць масава выступіць супраць улады. Гэта, маўляў, расійскі рэжым успрыняў як сур'ёзную пагрозу.
"Расія можа трымацца і аб’ядноўвацца толькі пры наяўнасці знешняга ворага. Расію дакладна нельга перамагчы, калі ёсць знешні вораг. Вось, уласна, таму я лічу, што 20‑ы год — гэта была прычына, адна з прычын, якая, уласна, прывяла і да 22‑га года. Таму, калі б мы перамаглі, вайны б проста не было", — упэўнены палітык.
Пры гэтым ён мяркуе, што ў 2020 годзе Расія наўрад ці планавала вайну, бо на той час у Крамля не было вострай патрэбы ў "знешнім ворагу". Ён дадае, што імперскія амбіцыі Расіі былі відавочныя і раней, але ў той час яны хутчэй выяўляліся ў жаданні адыгрываць большую ролю ў сусветнай палітыцы. Захад на гэта часткова адгукаўся — напрыклад, калі Расія ўдзельнічала ў фармаце G8.
Варта, аднак, нагадаць, што агрэсіўная антыўкраінскай рыторыка панавала ў расійскіх СМІ з 2014 года. І з часам яна не сціхала, а толькі ўзмацнялася.