Уладзімір Жыгар з BELPOL высветліў асобы правакатараў з Плошчы-2006
Правакатары, якіх вылічыў Жыгар / калаж Уладзіміра Жыгара
Прадстаўнік BELPOL Уладзімір Жыгар высветліў асобы двух правакатараў з Плошчы-2006. Пра гэта ён расказаў у сацсетках.
Сёння адзначаецца 20-годдзе паслявыбарчых пратэстаў 2006 года. Жыгар, паводле яго словаў, у гэтую гадавіну заўжды пераглядае фільм Юрыя Хашчавацкага "Плошча", прысвечаны тагачасным пратэстам.
Ён вырашыў праверыць па сістэме распазнавання твараў і базах даных правакатараў, якія дзейнічалі ў 2006 годзе. Высветлілася, што гэта два неаднаразова асуджаныя мужчыны.
"Неаднаразова судзімы жыхар Мінска Маёраў Дзмітрый. Ён як раз 13 сакавіка 2006 года быў асуджаны да 2 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай (зразумела чаму). У далейшым Маёраву такая дапамога не моцна дапамагла: яшчэ +2 судзімасці.
Другі — ураджэнец Свярдлоўска Усцінаў Андрэй. Таксама неаднаразова судзімы. Пры гэтым у 2008 годзе сам стаў ахвярай (цяжкія цялесныя пашкоджанні). Што характэрна, звестак пра яго працу пасля 2019 года няма. Затое ёсць поўны цёзка ў базе "Міратворац", які з'яўляецца баевіком ПВК "Вагнер".
У каментарах ён дадае, што Усцінаў хоць і нарадзіўся ў Свярдлоўску, але доўгі час жыў у Мінску.
Цэнтрам пратэстаў 2006 года стала Кастрычніцкая плошча ў цэнтры Мінска. Там узнікла намётавае мястэчка, якое пратрымалася чатыры дні.