Па просьбе Беларусі расіяніна пакаралі за SMS беларускаму сілавіку ў 2020-м
Беларускія сілавікі, архіўнае фота / Еўрарадыё
Па просьбе Беларусі расіяніна прыцягнулі да адказнасці за эсэмэску, адпраўленую беларускаму сілавіку ў 2020 годзе, паведамляе Генпракуратура Беларусі.
Расіянін з тэрыторыі Смаленскай вобласці праз інтэрнэт адправіў на абаненцкі нумар вайскоўца ўнутраных войскаў МУС Беларусі "SMS-паведамленне з пагрозай прымянення гвалту ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў у спыненні масавых беспарадкаў з боку групы радыкальна настроеных грамадзян у дачыненні да дзейнай улады ў рэспубліцы".
Як вядома, жорсткае задушэнне масавых пратэстаў у Беларусі пасля выбараў 2020 года выклікала абурэнне ва ўсім свеце.
Па просьбе Беларусі расійскія сілавікі знайшлі аўтара эсэмэскі. Аднак выдаць яго ў Беларусь для пакарання немагчыма, бо ў мужчыны расійскае грамадзянства. Таму расследаваннем справы заняўся расійскі бок.
Паведамляецца, што падчас расследавання расіянін "прызнаў сваю віну ў інкрымінаваным яму злачынстве ў поўным аб'ёме і раскаяўся ў зробленым". Сафонаўскі раённы суд Смаленскай вобласці прысудзіў яму штраф у 50 тысяч расійскіх рублёў (600 долараў). Таксама на карысць беларускага сілавіка была спагнаная кампенсацыя маральнай шкоды — 100 тысяч расійскіх рублёў (1200 долараў).