Масква актыўна стварае перадумовы для пераезду лаяльных грамадзян у Беларусь
Крэмль плануе канчаткова "вырашыць беларускае пытанне" праз міграцыю расіян / LookByMedia
З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну каля 90% міграцыйнага патоку ў Беларусь складаюць грамадзяне Расіі. Масква актыўна стварае перадумовы для пераезду лаяльных грамадзян у Беларусь — і робіць гэта сістэмна, з разлікам на перспектыву. Такія высновы робіць украінская выведка.
У аналітычнай запісцы гаворыцца, што "гаворка ідзе пра ўмераных прадстаўнікоў расійскага грамадства, а не пра прапуцінскіх актывістаў".
"Менавіта яны маюць шанец паспяхова асімілявацца на чужой, але не варожай тэрыторыі і пры неабходнасці ператварыцца ў крытычную масу “карэннага рускага насельніцтва ў Беларусі” — таго самага, якое “папросіць абароны” з-за неабходнасці вывучаць беларускую мову. Сцэнар вядомы, інструментар — таксама", — гаворыцца ў паведамленні.
На думку разведкі Украіны, у Расіі штучна ствараюцца непрымальныя ўмовы для жыцця ўмераных расіян, якія гатовыя да пераезду, але не плануюць эміграваць у далёкае замежжа. Гэта адбываецца, у тым ліку, праз прыняцце Дзяржаўнай думай Расіі законаў, якія падштурхоўваюць насельніцтва пакідаць краіну.
Міграцыі таксама спрыяюць "блакіроўкі інтэрнэту і сацыяльных сетак, пакаранні за “фэйкі” супраць захопніцкай арміі і палітыкі сучаснай Расіі, безальтэрнатыўнасць выбараў і іншыя паслядоўна недэмакратычныя працэсы".
Аналітыкі разведкі Украіны лічаць, што менавіта "таму ў апошні час пераезд у Беларусь актыўна прасоўваецца ў сацыяльных сетках сярод ліберальных расіян як новае месца для жыцця. Нешта накшталт краін Балтыі часоў СССР — адносна свабоднае, адносна сваё і дастаткова блізкае, каб не адчуваць сябе эмігрантам".
"Масква адным крокам глабальна вырашае для сябе дзве задачы: пазбаўляецца ад “яшчэ крыху думаючых” грамадзян і метадычна замацоўвае на будучыню свой уплыў на Беларусь", — гаворыцца ў запісцы выведкі Украіны.