Схемы будуць, пакуль дзяржава кантралюе закупкі: лекар пра справу артапедаў

Дзяржсістэма стварае глебу для шэрых схем / pexels.com
Дзяржсістэма стварае глебу для шэрых схем / pexels.com

Дзяржустановы аховы здароўя без сораму прапануюць ставіць замежныя пратэзы суставаў. У гэты ж час 35 беларускіх артапедаў-траўматолагаў абвінавачваюць у хабарніцтве. Праз тыя самыя замежныя пратэзы, лічыць лекар-артапед, які працаваў у РНПЦ артапедыі і траўматалогіі, Рустам Айзатулін.

Еўрарадыё разабралася, чаму беларускія пратэзы купляць не хочуць, а самому дастаць замежны няпроста.

 

Дзяржустановы прапануюць імпартныя пратэзы

Паставіць пратэз сустава замежнай вытворчасці ў Беларусі можна. Кожны, каго цікавіць пратэзаванне суставаў, можа знайсці цэлы медкаталог вырабаў, зарэгістраваных у Беларусі.

Схемы будут, пока государство контролирует закупки: врач о деле ортопедов
Пратэзы ў медкаталогу / medcatalog.by

Там ёсць пратэзы з Германіі ці Францыі. Ёсць і беларускі вытворца — ЗАТ "Алтымед".

Таксама на інфармацыйным партале медыцынскіх паслуг Беларусі замежнікам хваляцца:

— У вядучых медыцынскіх установах Беларусі ў галіне артапедыі выкарыстоўваюцца эндапратэзы вытворчасці Германіі, ЗША, Латвіі, Швейцарыі наступных фірмаў-вытворцаў: Smith & Nephew, Altimed, Medacta, Waldemar Link, DePuy, Zimmer, Stryker.

 

ЗАТ "Алтымед" — прыватнік-манапаліст пад наглядам Лукашэнкі

ЗАТ "Алтымед" — гэта беларуская прыватная кампанія і манапаліст у сферы вытворчасці штучных суставаў.

У 2014 годзе Лукашэнка нават наведваў прадпрыемства. Там яму абяцалі імпартазамяшчэнне. І хоць кампанія прыватная, ён уважліва, са строгім выглядам разглядаў пратэзы.

Схемы будут, пока государство контролирует закупки: врач о деле ортопедов
Тэрміны пагражаюць людзям, якія павінны рабіць аперацыі, а не весці закупкі / Сяргей Канькоў

Выходзіць, беларусам трэба "садзейнічанне", каб атрымаць жаданы пратэз, а замежнікам яго можна паставіць без праблем?

Рэч у праблеме дзяржсістэмы закупак, кажа Рустам Айзатулін. Паколькі ўсе працуюць праз аднаго вялікага пасярэдніка — Белмедтэхніку. Клінікі не могуць выбіраць самі, што і ў каго купляць.

— Белмедтэхніка праводзіць закупкі пратэзаў праз свае кабінеты, самі робяць тэндары. Прычым нават кампанія-вытворца не заўсёды зразумее, што і як робіцца. Трэба прыбраць дзяржаўнага пасярэдніка, даць свабодны доступ фірмам-вытворцам, каб была нармальная канкурэнцыя. І сама медустанова павінна выбіраць, праз каго ім праводзіць закупкі.

На сайце Белмедтэхнікі нам не ўдалося знайсці, як можна самім купіць эндапратэз. Затое фіксавальны бандаж або бінт — калі ласка.

Каб не было глебы для шэрых схем і спрэчных сітуацый, можна наладзіць закупкі як ва Украіне.

— Там пацыент, трапляючы ў лякарню, сам выбіраў з мноства варыянтаў медыцынскіх прадстаўнікоў, да каго звярнуцца, — кажа Рустам Айзатулін. — Медыцынскі прадстаўнік прыязджаў у клініку і пры пацыенце здзяйсняліся гэтыя здзелкі. Альбо пацыент, давяраючы лекару, дазваляў яму заказаць усё неабходнае на клініку, а не да сябе ў кабінет. Сістэма дзяржзакупак у Беларусі прадугледжвае нейкія карупцыйныя складнікі, адкаты, нідзе такога няма.

Схемы будут, пока государство контролирует закупки: врач о деле ортопедов
Пры празрыстай сістэме пацыент можа выбраць любы пратэз сам / pexels.com

Калі закупкі стануць свабоднымі, пацыентам будзе прасцей выбраць тое, што ім трэба. Затое ў канкурэнтным асяроддзі ў беларускага прадпрыемства з'явіцца стымул вырабляць больш якасную прадукцыю.

Калі адысці ад антыкарупцыйнага і імпартазамяшчальнага парадку дня ўрада, то ў Беларусі нашмат большыя праблемы ў сферы пратэзавання суставаў. Напрыклад, да 1 сакавіка ў 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска на чарзе на замену тазасцегнавога сустава стаялі 2002 чалавекі, а на замену каленнага — 2450 чалавек. Апераваць у сакавіку збіраліся тых, хто стаў на чаргу ў красавіку 2019 года і чэрвені 2017-га.

Людзі вымушаныя гадамі чакаць, паколькі ў Беларусі не арганізаваная нават нармальная першасная дапамога пацыентам, кажа на заканчэнне Рустам Айзатулін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі