Двух былых расійскіх ваеннапалонных пасля абмену лечаць у Гомелі

Лекар з Бранска ў Гомелі

Лекар з Бранска ў Гомелі / "Беларусь 1"

Пасля абмену ваеннапалоннымі паміж Расіяй і Украінай, які адбыўся напярэдадні на тэрыторыі Беларусі, двух расіян пакінулі на лячэнні ў Гомелі. Пра гэта стала вядома з рэпартажу на тэлеканале "Беларусь 1", заўважыла выданне "Позірк".

У тэлесюжэце медык з Гомеля, чые імя і пасада не раскрываюцца, сказаў: "Учора шпіталізавана двое грамадзян РФ. У ходзе абследавання дыягнаставана чэрапна-мазгавая траўма, кахексія (знясіленне. — "Позірк") сярэдняй ступені. Па цяжкасці стану пацыенты шпіталізаваныя ў аддзяленне рэанімацыі".

Таксама ў сюжэце паказалі экіпажы хуткай меддапамогі для агляду былых палонных, прадуктовыя наборы, якія ім выдаюцца. Паведамлялася, што афіцыйны Мінск забяспечвае лагістычны бок абменаў: для дастаўкі палонных выкарыстоўваюцца аўтобусы ААТ "Гомельаблаўтатранс".

Пра дапамогу ўкраінскаму боку не паведамляецца.

Гэта не першае паведамленне пра лячэнне расійскіх вайскоўцаў у Беларусі. Раней паведамлялася таксама пра лячэнне былых ваеннапалонных і пра санаторнае лячэнне ветэранаў вайны супраць Украіны.

11 красавіка Украіна і Расія чацвёрты раз ад пачатку 2026 года абмяняліся палоннымі праз беларускую тэрыторыю. Гэтым разам дадому вярнуліся па 175 вайскоўцаў і сем грамадзянскіх асобаў з кожнага боку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.