Украіна і Расія правялі абмен палоннымі
Абмен палоннымі / t.me/Koord_shtab
З расійскага палону ва Украіну 11 красавіка вярнуліся 175 вайскоўцаў і сем цывільных. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Уладзімір Зеленскі.
"Нашы воіны абаранялі Украіну на розных кірунках: у Марыупалі, на ЧАЭС, на Данецкім, Луганскім, Харкаўскім, Херсонскім, Запарожскім, Сумскім, Кіеўскім, Курскім кірунках. Сярод іх ёсць параненыя. Большасць былі ў палоне з 2022 года. І нарэшце — дома", — напісаў Зеленскі.
Абмен адбыўся пры садзейнічанні ЗША і Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Усе вызваленыя пройдуць медыцынскае абследаванне, лячэнне і рэабілітацыю, паведамілі ва ўкраінскім штабе.
Расія паведаміла, што ў выніку абмену вярнула 175 вайскоўцаў і 7 жыхароў Курскай вобласці, якія апынуліся на тэрыторыі Украіны пасля ўварвання УСУ ў жніўні 2024 года.
"У цяперашні час расійскія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзе ім аказваецца неабходная псіхалагічная і медыцынская дапамога. Усе расійскія вайскоўцы будуць дастаўлены ў Расійскую Федэрацыю для праходжання лячэння і рэабілітацыі ў медыцынскіх установах Мінабароны", — удакладнілі ў расійскім ведамстве.