У Мінздароўя спыталі, ці забароняць аборты ў Беларусі. Вось што адказала ведамства
Мінздароўя / LookByMedia
Міністэрства аховы здароўя забароніць праводзіць жанчынам аборты ў прыватных медцэнтрах. Новыя нормы ўжо ўнесены ў праект Кодэкса аб ахове здароўя. Беларусы накіравалі запыт у ведамства з пытаннем, ці варта чакаць поўнай забароны абортаў.
У адказе на гэты запыт начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Леанід Недзень адзначыў, што "жанчыны маюць права самастойна прымаць рашэнні адносна свайго цела і здароўя".
"Заканадаўства абараняе іх правы і забяспечвае доступ да медыцынскіх паслуг, уключаючы аборты, што дазваляе жанчынам прымаць абгрунтаваныя і свабодныя рашэнні ў залежнасці ад іх асабістых абставін і стану здароўя.
Адмова ад гэтага права можа прывесці да небяспечных наступстваў, як фізічных, так і псіхалагічных", — гаворыцца ў лісце.
"Гістарычны досвед (у прыватнасці, сярэдзіна XX стагоддзя) дэманструе, што падобныя абмежаванні (забарона абортаў) спрыяюць росту нелегальных абортаў, павышаючы рызыкі для жыцця і здароўя жанчын", — нагадвае Мінздароўя.
Міністэрства "паслядоўна праводзіць палітыку, накіраваную на скарачэнне колькасці абортаў, у тым ліку праз перад абортнае псіхалагічнае кансультаванне. Пра эфектыўнасць праводзімай работы сведчыць штогадовае зніжэнне колькасці абортаў па жаданні пацыентаў. Такім чынам, існуючае ў краіне рэгуляванне дазваляе спалучаць абарону рэпрадуктыўных правоў жанчын з мерамі па прафілактыцы абортаў".
Нагадаем, што інфармацыя пра забарону правядзення абортаў у прыватных клініках Беларусі з’явілася на пачатку 2026 года. На думку дзяржавы, у недзяржаўных медцэнтрах для пацыентаў нібыта больш рызыкі, чым у дзяржаўных.
Другое ЭКА
У запыце грамадзян таксама ўздымалася тэма другога ЭКА для жанчын. У адказе сярод іншай вядомай раней інфармацыі было асобна падкрэслена, што "бясплатныя спробы ЭКА выконваюцца толькі ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя рэспублікі, што выключае перавод бюджэтных сродкаў у медыцынскія цэнтры недзяржаўнай формы ўласнасці (прыватныя клінікі)".