Чарга на аперацыю 4 гады — журналісты абзванілі клінікі, дзе затрымалі дактароў

У адной з мінскіх клінік наогул прыпынілі выкананне аперацый па пратэзаванні суставаў / Ілюстратыўнае фота
У адной з мінскіх клінік наогул прыпынілі выкананне аперацый па пратэзаванні суставаў / Ілюстратыўнае фота

Чарга на аперацыю па пратэзаванні суставаў у беларускім РНПЦ траўматалогіі і артапедыі расцягнулася на 4 гады. Трапіць да спецыяліста на першасную кансультацыю ў гэтай клініцы можна толькі ў сярэдзіне чэрвеня. Гэта калі запісацца цяпер. Журналісты папулярнага навінавага партала абзванілі некалькі клінік, якія робяць профільныя аперацыі на суставах, і пацікавіліся, што там адбываецца пасля затрымання спецыялістаў.

Нагадаем, у сярэдзіне сакавіка стала вядома пра затрыманне ў Беларусі некалькіх дзясяткаў траўматолагаў. Рэсурс піша, што затрымалі ад 25 да 50 чалавек. Афіцыйнага каментара Міністэрства аховы здароўя або сілавых ведамстваў з гэтай нагоды не было.

Меркавана двух спецыялістаў пазбавілася 11-я гарадская бальніца Мінска. Да нядаўняга часу тут праводзілі платныя аперацыі па пратэзаванні суставаў. Але больш іх пакуль не робяць.

"Пасля 4 траўня званіце, і мы вырашым ужо, на які час", — растлумачылі ў прыёмнай.

У Мінскай абласной бальніцы аперацыі робяць, але трапіць да двух загадчыкаў артапедычных аддзяленняў ўжо нельга. Адзін "у адпачынку на нявызначаны тэрмін". Другога на працоўным месцы таксама няма і, паводле слоў супрацоўнікаў, не будзе.

Немагчыма запісацца на аперацыю і да загадчыка аддзялення Віцебскай абласной бальніцы. "Яго цяпер няма, аперацыі робяць іншыя дактары... чаму не? Па пэўных абставінах", — тлумачаць у бальніцы.

Апытаўшы калег і спецыялістаў, рэсурс выказаў здагадку, што затрыманне траўматолагаў нейкім чынам звязанае з пастаўкамі эндапратэзаў. Журналісты пагаварылі з супрацоўнікам аддзела закупак адной з мінскіх бальніц. Той прызнаўся, што ў медыцынскай супольнасці да гэтага часу не вельмі разумеюць, як менавіта ў існых умовах магла выглядаць карупцыйная схема.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі