Вы тут

У Беларусі затрымалі каля 30 артапедаў — СМІ

Пра затрыманне медыкаў у розных рэгіёнах краіны паведаміла адразу некалькі СМІ / Фота з сацсетак

У Беларусі надоечы за адзін раз затрымалі каля 30 артапедаў-траўматалоўгаў. Многія з іх узначальвалі аддзяленні ў розных медустановах краіны. Пра гэта паведамляе рэсурс-спадчыннік адной з найстарэйшых беларускіх газет.

Суразмоўца выдання выказаў здагадку, што "такую колькасць медыкаў надоўга пасадзіць немагчыма, таму нейкі час пакашмараць, набяруць паказанняў на прызначаных "казламі" і большасць выпусцяць". Але некаторыя могуць зрабіцца фігурантамі крымінальнай справы.

"У цэлым усё гэта катастрофа для медыцыны", — адзначыў суразмоўца. На пытанне пра прычыну затрымання крыніца выдання выказала здагадку, што гэта можа быць звязана з пратэзаваннем суставаў.

Напярэдадні пра затрыманне асобных медыкаў паведамлялі і іншыя СМІ. Трое вядучых траўматолагаў былі затрыманыя ў Віцебску — гэта галоўны пазаштатны траўматолаг-артапед Віцебскай вобласці Канстанцін Балабошка, загадчык траўматалагічнага аддзялення Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Андрэй Крылоў і загадчык траўматалагічнага аддзялення БХМД у Віцебску Аляксандр Царкоўскі. Гомельскі рэсурс пісаў пра затрыманне двух загадчыкаў аддзяленнямі траўматалогіі — у абласной клінічнай бальніцы і абласным анкадыспансэры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.