За крадзеж 660 тысяч еўра з нафтахімічнага прадпрыемства судзяць чатырох чалавек
Крымінальны кодэкс
У Мінскі абласны суд перадалі крымінальную справу пра буйны крадзеж сродкаў прадпрыемства нафтахімічнага комплексу. Як заяўляе Генпракуратура, у справе фігуруюць былы гендырэктар прадпрыемства, яго зяць і яшчэ два чалавекі.
Агульная сума шкоды ацэньваецца больш чым у 660 тысяч еўра, ці каля 2,4 мільёна рублёў.
Паводле следства, схема пачала фармавацца не пазней за снежань 2021 года. Паведамляецца, што кіраўнік прадпрыемства дамовіўся з зяцем выводзіць грошы кампаніі пад выглядам закупак тэхнікі і абсталявання. Дырэктар, карыстаючыся службовым становішчам, загадваў падначаленым і падпісваў дакументы, якія дазваляюць праводзіць закупкі завышанымі коштамі.
Потым да справы далучыўся яшчэ адзін чалавек — ён арганізоўваў пастаўкі праз падкантрольныя яму беларускія і замежныя кампаніі. Паводле следства, гэты ўдзельнік забяспечваў афармленне кантрактаў і загадзя ведаў, якую часткуа сумы трэба завысіць і вывесці з абарачэння. Грошы, пераведзеныя на рахункі, далей ішлі па фіктыўных падставах на адрас кампаній, якія фактычна не ўдзельнічалі ў пастаўках абсталявання.
Прыкладна ў траўні 2022 года да групу дадаўся чацвёрты фігурант. Ён дапамагаў афармляць фіктыўныя дагаворы і ўдзельнічаў у пераводзе і атрыманні наяўных грошай праз ланцужок кампаній. Як сцвярджае следства, ён таксама выкарыстоўваў падкантрольныя фірмы для арганізацыі паставак тэхнікі, у кошт якой закладваліся выкрадзеныя грошы.
Такім чынам, грошы прадпрыемства пералічваліся праз завышаныя закупкі сельгастэхнікі і абсталявання, а потым размяркоўваліся паміж удзельнікамі. Тэхніка і абсталяванне фармальна пастаўляліся аднаму з аграрных прадпрыемстваў, што дазваляла маскіраваць рэальныя фінансавыя аперацыі.
Трое фігурантаў знаходзяцца пад вартай, яшчэ адзін — пад падпіскай аб нявыездзе.