Вы тут

"Нагадзім каму-небудзь": навошта Саўмін забараніў замежнікам прадаваць акцыі

Пра нацыяналізацыю кампаній пакуль не гавораць, але і прадаваць свае долі ў Беларусі нельга / скрыншот з фільма

Улады зладзілі бамбаванне Валожына, забараніўшы замежным юрасобам прадаваць свае долі ў беларускіх кампаніях. Бо нават беларусы не будуць інвеставаць у краіну з-за мяжы, баючыся страты грошай. А гэта і ёсць большасць "замежных" інвестараў.

Еўрарадыё даведалася, навошта ўлады забаранілі 190 кампаніям з "недружалюбных краін" прадаваць свае долі ў беларускіх бізнесах і чаму ад гэтага горш Беларусі, чым "ворагам".
 

"Каб не адчувалі сябе занадта вольна"

Фрагмент з пастановы Саўміна / скрыншот Еўрарадыё

Пастанова Савета Міністраў ад 1 ліпеня №436 азначае, што выхаду з бізнесу для тых, хто трапіў у спіс, фактычна няма, адзначае старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук. Афіцыйнае абгрунтаванне — гэта мера па прадухіленні адтоку капіталу. На думку эканаміста, інструмент для гэтага абраны дзіўны і абгрунтаванне сумнеўнае.

Сярод кампаній з "недружалюбных краін" "ЕПАМ Сістэмз", "Лідскае піва"," Мінскі гадзіннікавы завод", "Еўраопт", "Камунарка" / Reuters

Незалежны аналітык Сяргей Чалы назваў пастанову "малпаваннем рашэння, якое было прынята ў Расіі".

Яно не мае ніякай эканамічнай логікі за выключэннем "а давайце мы нагадзім каму-небудзь".

Рашэнне мела б пэўную логіку, калі б яно было прынятае ў першыя некалькі тыдняў пасля пачатку вайны. Таму што галоўным наступствам тады быў адток капіталу, — адзначае аналітык.

Новаўвядзенне — хутчэй эмацыйная рэакцыя на санкцыі, чым рацыянальная, лічыць кіраўнік праекта "Кошт Урада" і заснавальнік Petitions.by Уладзімір Кавалкін. Паколькі негатыўныя эфекты будуць, хоць здаецца, што Беларусь усё роўна можа забыцца пра замежныя інвестыцыі і без новых арыгінальных рашэнняў.

Гэта варыянт бамбіць Валожын. Таму што каля 80% інвестыцый, якія прыходзяць у Беларусь, — гэта беларускі капітал, проста загадзя вывезены і рэінвеставаны. Калі паглядзець уладальнікаў, то часта можна ўбачыць афшорныя астравы, Кіпр, Брытанію. Так робяць, таму што ўсе выдатна разумеюць, што ў Беларусі бізнес-клімат дрэнны, краіна не прававая. Калі будзе наезд з боку дзяржавы, абараніць свае правы ў судзе будзе немагчыма.

Новай уладзе прыйдзецца даказваць сваю адэкватнасць інвестарам / Reuters

З пункту гледжання заходніх кампаній, за якімі не стаяць беларусы, пастанова мала што мяняе.

Для інвестара развітога свету зрабіць горш, чым адбылося за апошнія два гады, складана. Тое, што памерла, другі раз памерці не можа, — кажа Дзмітрый Крук.

Для кітайскага і расійскага бізнесу тое, што адбываецца, не стане шокам. Тыя, хто асцерагаецца працаваць з Беларуссю, ужо сышлі. Іншым гэта не асабліва страшна, бо і Кітай і Расія маюць шмат рычагоў ціску на Беларусь.

Нават дапускаю, што да такіх рашэнняў расійскі бок мог сам падштурхоўваць для сімвалічнай праявы падтрымкі, — адзначае Дзмітрый Крук.

Асноўная праблема ў тым, што інвестары доўга не пойдуць у Беларусь нават пасля сыходу Лукашэнкі. Спачатку за Беларуссю будуць пільна назіраць.

Калі параўноўваць з Украінай, то скончыцца вайна і туды пойдуць інвестыцыі, таму што рынак ёсць, інвестыцыйны клімат такі, што можна працаваць, ёсць абарона правоў прыватнай уласнасці. У Беларусі гэтага не будзе пасля змены рэжыму проста таму, што наступным палітыкам трэба будзе 10-20 гадоў даказваць, што яны не такія, як Лукашэнка, — робіць выснову Уладзімір Кавалкін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.