Расіян без унутранага пашпарта РФ перасталі пускаць з ЕС у Беларусь — праваабаронцы
Латвійска-беларуская мяжа / facebook.com/rs.gov.lv
У Беларусь перасталі пускаць грамадзян Расіі, якія жывуць у ЕС, без прад'яўлення ўнутранага пашпарта.
На мінулым тыдні на КПП Патарніекі-Грыгараўшчына на латвійска-беларускай мяжы беларускія памежнікі не прапусцілі ніводнага расіяніна без такога пашпарта, пішуць праваабаронцы з MAYDAY.
Гаворка ідзе аб расіянах, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краін Еўрасаюза і, як правіла, маюць там ПМЖ. Праз Беларусь яны і едуць транзітам у Расію.
Прыкладна з сярэдзіны красавіка беларускія памежнікі сталі патрабаваць у іх не толькі замежны, але і ўнутраны пашпарт РФ.
Згодна з расійскім заканадаўствам расіянам, якія пастаянна пражываюць за мяжой, мець унутраны пашпарт не абавязкова. Афармленне ці замена такога ўнутранага пашпарта РФ праз консульства за мяжой не праводзіцца, зрабіць гэта можна толькі асабіста на тэрыторыі Расіі.