У Беларусі пацвердзілі, што не выпусцяць за мяжу расійскіх прызыўнікоў

Аэрапорт, ілюстрацыйнае фота

Аэрапорт, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Расійскія прызыўнікі, якія атрымалі забарону на выезд за мяжу, не змогуць выехаць праз Беларусь. Пра гэта журналістцы "Белсата", якая звярнулася як прыватная асоба, паведамілі ў Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі.

"Калі яму не выставіць Расійская Федэрацыя забарону выезду і ўсё ў парадку з дакументамі, то выпусцяць",адказалі беларускія памежнікі.

Днямі паведамлялася, што памежнікі ўпершыню не выпусцілі з Беларусі расіяніна, які спрабаваў вылецець з Мінску спачатку ў Тбілісі, а потым у Ерэван. Расіянін атрымаў позву ў войска і павінен быў 29 красавіка прыйсці на медагляд. У спецыяльным расійскім электронным рэестры з’явілася забарона на выезд яго з РФ.

У Памежным камітэце Беларусі пацвердзілі, што маюць агульную базу даных з Расіяй, і параілі звяртацца "ў кампетэнтныя органы Расійскай Федэрацыі":

"Калі адкажуць, што выезд не абмежаваны, калі ласка, можна выязджаць з тэрыторыі Беларусі. Калі выезд забаронены, то ўсе пытанні да Расійскай Федэрацыі. Калі асоба будзе ў базе, яе не выпусцяць. Калі не будзе ў базе абмежаваных да выезду, мы выпусцім".

Раней расійскія прызыўнікі маглі без праблем выехаць праз Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.