Вы тут

Падаем мацней, чым у пандэмію: адаптацыя эканомікі да санкцый можа заняць гады

Рэгіёны, дзе знаходзяцца калісьці найбольш прыбытковыя прадпрыемствы, паказваюць дрэнныя вынікі / Еўрарадыё

Спад ВУП Беларусі па выніках паўгоддзя складзе 4,1–4,6% да першага паўгоддзя 2021 года. Людзі адчуюць гэта за кошт зніжэння ўласных даходаў і прыбыткаў прадпрыемстваў.

У цэлым перспектывы беларускай эканомікі выглядаюць няпэўна, бо незразумела, наколькі хутка і паспяхова кампаніі адаптуюцца да жыцця пад санкцыямі, адзначаюць эксперты BEROC у маніторынгу стану беларускай эканомікі.

Еўрарадыё вывучыла маніторынг і перадае галоўнае з яго. Надзей на пазітыў мы не знайшлі.

 

Санкцыі б'юць па эканоміцы мацней, чым пандэмія 

У траўні эканоміка падала мацней, чым у пандэмію, а ВУП вярнуўся да ўзроўняў 2017 года, гаворыцца ў даследаванні BEROC. За студзень — травень 2022 года ВУП Беларусі знізіўся на 3,4% да аналагічнага перыяду мінулага года. Асобна за травень ВУП прыкладна на 8,8–9% ніжэйшы за травень 2021 года.

У траўні падала ўсё, акрамя IT. Напрыклад, у прамысловасці валавая дабаўленая вартасць (розніца паміж коштам гатовых тавараў і паслуг і коштам тавараў, якія спатрэбіліся для вытворчасці) знізілася на 11% у гадавым выражэнні, у гандлі — на 16%, у транспарце — на 28%, у будаўніцтве — на 23%.

Унёсак галін і рэгіёнаў у ВУП за студзень — травень / BEROC

Станоўчы ўнёсак у ВУП працягвае рабіць IT, але ён паступова зніжаецца. Напрыклад, у студзені — сакавіку ўнёсак IT у гадавы прырост ВУП склаў 0,6 адсоткавага пункта, у красавіку — 1,1 а. п., а ў траўні толькі 0,4 а. п.

— Гаварыць пра ўстойлівасць запаволення IT заўчасна, аднак дынаміка траўня ёсць трывожным званком, — піша BEROC.

Яшчэ нядаўна прыбытковыя прадпрыемствы накшталт Мазырскага НПЗ цяпер сталі праблемай / belchemoil.by

Праз санкцыі беларускім прадпрыемствам стала нашмат складаней гандляваць за мяжой. Аднак праца працягваецца, але на склад.

— Запасы ў прамысловасці з папраўкай на сезоннасць выраслі больш чым на 20% за пяць месяцаў з пачатку года — гэта найбольш рэзкі ўзлёт за апошнія гады.

Складскія запасы растуць, пакуль падае экспарт / BEROC

Перспектывы: падзенне і няпэўнасць

Па выніках паўгоддзя спад ВУП складзе 4,1–4,6% у параўнанні з першым паўгоддзем 2021 года. У трэцім квартале падзенне можа паглыбіцца яшчэ на 1 адсоткавы пункт, лічаць эксперты BEROC.

З чэрвеня пачалі паўнавартасна працаваць санкцыі ў дачыненні да буйных галін беларускай эканомікі: дрэваапрацоўкі, металургіі, цэментавай прамысловасці і выпуску гумовых вырабаў, а таксама ў дачыненні да паставак у Беларусь машын і абсталявання. Таму праблемы будуць павялічвацца летам.

— Магчымым выглядае і далейшае запаволенне дынамікі IT, а таксама пашырэнне другасных негатыўных эфектаў санкцый на спажывецкі і інвестыцыйны попыт праз зніжэнне даходаў насельніцтва і прыбытку прадпрыемстваў. У той жа час далейшае скарачэнне вытворчасці калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў  малаімавернае, паколькі аб'ёмы выпуску, хутчэй за ўсё, ужо дасягнулі мінімальна дапушчальных значэнняў.

Што далей будзе з дынамікай ВУП, залежыць ад таго, наколькі хутка прадпрыемствам удасца знайсці магчымасць прадаваць свае тавары за мяжой і імпартаваць. Улады пастаянна анансуюць хуткія поспехі імпартазамяшчэння і гандлю з Расіяй. Аднак "пакуль перспектывы хуткай пераарыентацыі выглядаюць няпэўна, а адаптацыя беларускай эканомікі да ўмоў, якія змяніліся, можа расцягнуцца на некалькі гадоў", робяць выснову эксперты BEROC.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.