На філфаку Гомельскага дзяржуніверсітэта створаць аўдыторыю "Рускага міру"

"Рускі мір" у Гомельскім дзяржуніверсітэце

"Рускі мір" у Гомельскім дзяржуніверсітэце / сайт ГДУ імя Францыска Скарыны

На філалагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны плануюць адкрыць брэндаваную аўдыторыю "Рускага міру" — у гонар аднайменнага фонду, заўважыла выданне "Штодзень".

Гаворка пра гэта ішла падчас візіту ў Гомель галоўнага праектнага менеджара ўпраўлення рускіх цэнтраў фонду "Рускі мір" Сяргея Улiцiна. Ён прыехаў, каб абмеркаваць перспектывы супрацы, а таксама перадаць метадычную літаратуру па рускай мове як замежнай.

Падчас візіту Уліцін наведаў мерапрыемствы ў межах "Дзён рускай мовы". Таксама ў яго запланаваныя сустрэчы з выкладчыкамі і конкурс знаўцаў рускай мовы.

Фонд "Рускі мір" — расійская дзяржаўная структура. Яна займаецца прасоўваннем рускай мовы і культуры за мяжой. У 2025 годзе агульная сума выдаткаў на прасоўванне рускай мовы за мяжой склала каля 1,7 млрд расійскіх рублёў з дзяржбюджэту. Гэта прыкладна на 1,2 млрд рублёў больш, чым у 2024-м. Сёлета на гэтыя мэты запланавана 1,8 млрд рублёў (каля 20 млн долараў), а ў 2027-м сума вырасце да 2 млрд рублёў (больш за 22 млн долараў). Асноўная частка гэтых сродкаў прызначаная для падтрымкі фонду "Рускі мір", развіцця сеткі "рускіх цэнтраў" за мяжой, правядзення мерапрыемстваў і перадачы навучальных матэрыялаў.

Дарэчы, раней на філфаку ГДУ працавала кандыдытка філалагічных навук Наталля Суслава, якая стала адным з сімвалаў гомельскіх пратэстаў 2020 года. Яе сын Павел (пазыўны "Волат") быў адным з камандзіраў палка Каліноўскага і загінуў у баях супраць расійскіх войскаў ва Украіне. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.