"Каланіяльныя практыкі" і даніна Маскве: Харысава — пра расійскія сцяжкі ў Беларусі

Расійскія трыкалоры ў Мінску

Расійскія трыкалоры ў Мінску / ТАСС

"Чаму Лукашэнка і Пуцін так трымаюцца за гэты свой ідэалагічны праект?" — так Зміцер Лукашук запытаў пра так званы "Дзень яднання" Беларусі і Расіі" і ўвесь праект "Саюзнай дзяржавы" паліталагіню Аліну Харысаву.

"А вось ці Пуцін настолькі трымаецца, як Лукашэнка трымаецца за гэты праект? Вось у гэтым пытанне, — кажа Харысава. — Было шмат абмеркаванняў, напрыклад, у Трэдс, якія датычацца гэтага Дня адзінства. І мяне адна спрэчка вельмі зачапіла. Там у каментарах хлопец напісаў: "А вось ці бачылі вы такое ў Маскве? Каб ставілі вось гэтыя сцягі па ўсім вуліцам? Каб дзецям праводзілі ў школах таксама заняткі ідэалагічныя, дзе распавядалі, які мы адзіны народ і ўсё астатняе. Няма такога".

Як кажа Харысава, такія святкаванні нагадваюць каланіяльныя практыкі. У якасці прыклада яна прывяла Брытанскую імперыю: некалі ў Канадзе маглі праходзіць мерапрыемствы пра адзінства Канады і Вялікабрытаніі, але з фокусам на цэнтр імперыі.

"Але ніхто не заўважае гэты каланіялізм [у "Саюзнай дзяржаве"], таму што каланіялізм, напрыклад, у заходняй думцы ўспрымаецца больш як вось штосьці на іншых кантынентах. Але Расія робіць сваю каланіяльную вось гэтую палітыку ўнутры Расіі і таксама [распаўсюджвае] на пэўныя краіны, якія ўваходзілі раней у СССР. І Беларусь у тым ліку.

Таму нельга заўважыць зараз такія сцягі ў Маскве ці ў іншых рэгіёнах Расіі. Гэта ўсё проста даніна Лукашэнкі, даніна лукашэнкаўскага рэжыма за тое, што вось Расія яго падтрымлівае. Нам трэба паказаць сваю лаяльнасць і такім чынам, што ён робіць гэтыя мерапрыемствы, такія святы святкуюць у кожным горадзе. Яны паказваюць проста сваю лаяльнасць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.