На фестываль у абарону свабоды выяўлення палітыкаў не запрасілі

Для пераважнай большасці прысутных “Амбасовішча” стала звыклым месцам сустрэчы. Той пляцоўкай, дзе толькі і магчымае перасячэнне такіх розных па дзейнасці і ўзросце людзей — паэтаў ды пісьменнікаў, мастакоў ды драматургаў, эканамістаў ды палітолагаў, журналістаў ды блогераў, дыпламатаў ды прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

Людзі творчыя відавочна пачувалі сябе і ля сцэны, і ля сталоў з шашлыкамі ды колай як рыбы ў вадзе і не хавалі захаплення ад самой ідэі імпрэзы — даць магчымасць падзяліцца сваёй творчасцю тым, каму складана гэта зрабіць хоць дзе-небудзь у іншым месцы. А чым стала “Амбасовішча” для іншых запрошаных, як яны пачуваюцца на гэтым шабашы свабоднага мастацтва?

“Ніколі не быў снобам, я чалавек просты, — радасна дзеліцца ўражаннямі ўладальнік кампаніі “Надзейныя праграмы”, заснавальнік і саўладальнік парталу tut.by Юрый Зісер. – Гэта месца, дзе бачыш нейкіх… цікавых людзей!”

                                              Юрый Зісер -- справа

Прадзюсар “аднаго маленькага кінафестывалю” Уладзімір Максімкоў не толькі ўважліва сочыць за тым, хто і што робіць на сцэне, але і адзначае, відаць, для сябе на будучыню арганізацыйныя моманты.

Уладзімір Максімкоў: “Для таго, каб стварыць добры, паўнавартасны музычны фестываль патрабуецца каласальная колькасць часу, людзей, рэсурсу адміністрацыйнага, фінансавага, і рэдкія людзі ўвогуле возьмуцца гэта рабіць. Занадта складана ўсё. Я нават не кажу, умоўна, пра палітычны складнік”…

                                           Уладзімір Максімкоў

Толькі, на вялікі жаль, казаць ці мець моўчкі на ўвазе яго трэба. Менавіта таму, хутчэй за ўсё, “Амбасовішча” яшчэ нявызначаны тэрмін вымушана будзе хавацца за высокім каменным плотам амерыканскай амбасады, адзначае Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч.

Ітан Голдрыч: “Мы рады, што некаторыя патрабаванні, з прычыны якіх было заснавана “Амбасовішча”, сталі менш жорсткімі. Але мы ведаем, што ёсць яшчэ журналісты, пісьменнікі, фатографы, музыкі і простыя людзі ў Беларусі, у якіх да гэтага часу няма свабоды выяўлення ў поўнай ступені. Гэта мерапрыемства прысвечана ім. Са спадзяваннем, што ў Беларусі будзе больш павагі да дэмакратыі і правоў чалавека”.

                                  Ітан Голдрыч

Вось толькі шкода, што большасць тых, каму мерапрыемства прысвечана, на яго не патрапілі, адзначае драматург Андрэй Курэйчык.

Андрэй Курэйчык: “На жаль, гэта не адкрыты фестываль — тут толькі па запрашэннях. Тут  мы бачым усю беларускую культурную і палітычную эліту. Але для мяне гэты фэст — найперш нейкі барометр таго, у якім стане знаходзіцца беларускі рок”.

                                                  Андрэй Курэйчык

І адразу выдае сентэнцыю, якім, на думку стваральніка фільма “Вышэй за неба”, мусіць быць сапраўдны рокер.

Андрэй Курэйчык: “Ёсць тыя, хто лічыць, што ў 2013 годзе гэта не так актуальна, але я лічу, што сапраўдны рокер — гэта той, хто заўсёды ведае, што добра, а што дрэнна. Ён прынцыповы, мае сваю грамадзянскую пазіцыю і сваё стаўленне да ўладаў”.

Нібы спецыяльна на гэтых словах Лявон Вольскі і Павел Аракелян пачынаюць спяваць гумарыстычна-сатырычную песню, прысвечаную… несяброўскаму скарачэнню Расіяй аб’ёмаў паставак газу ў Беларусь.

Тэму ў сваім адказе на пытанне Еўрарадыё, як яму тут пачуваецца, падхоплівае скандальны блогер Яўген Ліпковіч.

Яўген Ліпковіч: “Мала солі ў краіне, і тут гэта адчуваецца — усё вельмі прэснае!”

Еўрарадыё: З краінай усё зразумела, а тут якой солі не хапае?

Яўген Ліпковіч: “А тут мы неаддзельныя ад свайго народа і нам таксама не хапае солі. І вось гэтую амбасаду (паказвае на суседні будынак за агароджай, дзе месціцца расійская амбасада. — Еўрарадыё) мы, калі прыйдзем да ўлады, сайдынгам усё пакрыем і соллю засыплем па самы дах”.

                                                      Яўген Ліпковіч

Але потым прызнаецца: у Мінску ўсяго дзве тусоўкі, дзе кожны, хто туды патрапіць, абавязкова будзе адчуваць сябе “ў сваёй талерцы” — дзень нараджэння мастака Уладзіміра Цэслера ды “Амбасовішча”.

                                         Зміцер Вайцюшкевіч

Адзін з лідараў незалежнага прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак, аддаючы належнае амбасадзе ЗША ў яе памкненні падтрымаць беларускіх творцаў, упэўнівае, што і наш прафсаюз не лыкам шыты.

Андрэй Стрыжак: “У нас была ініцыятыва, якая была скіраваная на падтрымку маладых музычных творцаў. Яны выдалі першую складанку сваю, на якой было прадстаўлена каля 10 гуртоў, і гэта было зроблена часткова з падтрымкай прафсаюзаў”.

                                                    Андрэй Стрыжак

Адначасова прызнаецца: апроч усяго, наведвае “Амбасовішча” з грамадскай мэтай — сустрэць патрэбных людзей і завесці карысныя знаёмствы. У жыцці ўсё можа спатрэбіцца.

Легендарная вядучая Зінаіда Бандарэнка шчыра прызнаецца: прыходзіць на фестываль, каб зарадзіцца ад моладзі духам разняволенасці і свабоды.

Зінаіда Бандарэнка: “Мы самі б так ніколі не сабраліся! Тут людзі розных узростаў — і больш сталыя, і маладзёны. Я вельмі рада, што маладыя так разняволена, свабодна сябе адчуваюць. А побач з імі — і мы!”

                                 Зінаіда Бандарэнка і Генадзь Бураўкін

Да музычнай часткі мерапрыемства — гэтым разам пад зорна-паласатым сцягам выступілі Clover Club, HandmadE, Pani Hida, Патрыцыя Курганава, Carter Brothers, Pomidor/off, Recha, Зміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі і Павел Аракелян.

Розныя жанры, розныя стылі, розны ўзровень прафесіяналізму і майстэрства, але гасцям спадабаліся ўсе. Карацей, і чарговае “Амбасовішча” удалося.

                          Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Уладзімір Пугач

Адзінае назіранне — гэтым разам сярод запрошаных не было ніводнага тытульнага палітыка. Як апазіцыйнага, так і праўладнага.

Фота прадастаўленыя амбасадай ЗША

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі