Чым небяспечная лагістыка завода боепрыпасаў у Слуцкім раёне для жыхароў
Мала таго, што прадпрыемства будуюць на неразарваных снарадах, дык туды не цягнуць чыгуначную галіну / LookByMedia
Новая лагістычная схема для завода боепрыпасаў у Слуцкім раёне стварае зону павышанай небяспекі для работнікаў і жыхароў бліжэйшых раёнаў. Замест прамога чыгуначнага прымыкання да завода была пабудавана асобная пагрузачна-разгрузачная рампа каля станцыі Навадворцы — больш чым за 40 кіламетраў ад вытворчых магутнасцяў. Пра гэта піша "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі".
Праблемай становіцца тое, што найбольш рызыкоўны этап — пагрузка і разгрузка выбуховых рэчываў — вынесены за межы ахоўнай прамысловай зоны. У нармальнай практыцы такія аперацыі выконваюцца або на тэрыторыі завода, або на спецыялізаваных ваенных арсеналах, абсталяваных ахоўнымі збудаваннямі і зонамі адчужэння.
Але беларускія ўлады пры будаўніцтве завода боепрыпасаў вырашылі, што кампаненты для іх вытворчасці (уключаючы траціл і гексаген) будуць загружацца на асобным аб’екце, які не мае статусу рэжымнага.
Уся гэтая выбуханебяспечная сумесь будзе перавозіцца дзясяткі кіламетраў па звычайных дарогах, што праходзяць побач з населенымі пунктамі, пасля чаго зноў перагружацца на чыгуначны транспарт.
"Супольнасць" нагадвае, што кожная дадатковая перагрузка — гэта вялікая рызыка. Вынясенне рампы на значную адлегласць парушае базавы прынцып: небяспечныя працэсы павінны быць засяроджаны ў межах кантраляванай тэрыторыі, дзе ёсць інжынерная абарона і падрыхтаваны персанал.
Эксперты ўпэўненыя, што на гэтае грубае парушэнне бяспекі ўлады пайшлі з-за эканоміі і спешкі запуску завода. Будаўніцтва паўнавартаснага пад’язнога шляху прызналі занадта дарагім і доўгім, а запуск вытворчасці боепрыпасаў патрабаваўся тэрмінова. Ва ўмовах высокай патрэбы ў боепрыпасах для расійскай арміі пытанні бяспекі былі адсунутыя на другі план.
Абсурднасць сітуацыі ўзмацняецца тым, што рампа фактычна нікому не належыць. Беларуская чыгунка не хоча прымаць аб’ект, які ёй не патрэбны і стварае дадатковыя выдаткі. Завод таксама не гатовы браць на сябе эксплуатацыю і ўтрыманне інфраструктуры, якая будзе выкарыстоўвацца нерэгулярна. А Дзяржкамваенпрам не праяўляе ініцыятывы ў вырашэнні пытання.
У выніку аб’ект, прызначаны для працы з боепрыпасамі, застаецца фактычна безгаспадарным, без выразна вызначанай адказнасці за яго эксплуатацыю і бяспеку.