Кіроўцы грамадскага транспарту ў Мінску перастануць прадаваць талоны

Аўтобусны прыпынак, ілюстрацыйнае фота

Аўтобусны прыпынак, ілюстрацыйнае фота / unsplash

У Мінску плануюць адмовіцца ад таго, каб кіроўцы грамадскага транспарту прадавалі талоны на праезд. Пра гэта прадстаўнікі транспартнай сферы паведамілі на нарадзе ў Мінгарсавеце 5 траўня, піша агенцтва "Мінск-Навіны".

Змены могуць увесці ўжо ўвосень 2026 года. Пры гэтым самі папяровыя талоны захаваюцца: набыць іх па-ранейшаму можна будзе ў 78 шапіках, касах метро і сетцы "Табакерка".

Паводле "Мінсктранса", грамадскім транспартам сталіцы штодня карыстаюцца больш за мільён чалавек. Пры гэтым дзве траціны пасажыраў выкарыстоўваюць безлімітныя праязныя.

Гендырэктар "Мінсктранса" Канстанцін Галалобаў паведаміў, што адна паездка фактычна каштуе 3,16 рубля, але пасажыры аплачваюць толькі каля траціны гэтай сумы.

Цяпер у Мінску талон на праезд каштуе 1,1 рубля, у кіроўцы — 1,15 рубля, жэтон метро — таксама 1,15 рубля.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.