Чаму беларусы не бачаць новае беларускае кіно, якое паказваюць за мяжой?
Тарас Тарналіцкі / fecebook.com
— Аўтары адчуваюць адказнасць за людзей, якіх здымалі, таму далёка не ўсе беларускія фільмы сёння можна паказаць публічна, — кажа Еўрарадыё кінакрытык і суарганізатар прэміі “Чырвоны верас” Тарас Тарналіцкі.
З 2021 года прэмія адзначае найлепшыя дасягненні ў сферы незалежнага беларускага кіно, але навошта праводзіць такія конкурсы, калі стужкі застаюцца ананімнымі ці ўвогуле не даходзяць да сваіх гледачоў у Беларусі?
Пра тое, як існуе і распаўсюджваецца беларускае кіно ва ўмовах цэнзуры, чытайце ў нашым інтэрв’ю з Тарасам Тарналіцкім.
— Тарас, скажы, калі ласка, навошта патрэбна такая кінапрэмія, калі фільмы ўдзельнікаў не паказваюць і іх складана самастойна паглядзець, жывучы ў Беларусі?
— Сэнс у тым, што праз гэтую прэмію мы ствараем наратыў беларускасці. Таму што гэтыя фільмы так ці інакш будуць выходзіць за межамі Беларусі, але тое, што яны беларускія, амаль ніхто не ведае.
— “Чырвоны верас” — гэта выключна міграцыйная падзея?
— Тут складана сказаць. З аднаго боку, так. Мы знаходзімся ў эміграцыі, і сама падзея адбываецца ў эміграцыі.
Але змястоўна — гэта ўсё ж падзея, якая звязвае людзей, беларусаў, у першую чаргу беларускіх кінематаграфістаў, якія жывуць у розных кутках свету, у адно месца, у адно цэлае.
Як я ўжо сказаў, мы ствараем наратыў. З аднаго боку, гэта беларуская прэмія.
А з іншага боку, мы хочам паказаць, што беларускае кіно — больш складанае і больш разнастайнае, чым тое, што дэкларуе дзяржава, калі яна выдае грошы і стварае фільмы і называе іх беларускімі. Гэта няпраўда.
Беларускае кіно значна больш змястоўнае, значна больш разнастайнае, і яно існуе ў тым ліку за межамі краіны. Таму з аднаго боку — так, гэта эміграцыйная падзея. Але на саму цырымонію прыязджаюць у тым ліку людзі, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі. І сярод заявак, якія нам падавалі, былі аўтары, што жывуць у Беларусі.
Але, зразумела, з пэўных прычын мы пра іх не распавядаем.
— Дарэчы, чаму сярод намінантаў і пераможцаў фігуруюць ананімныя аўтары? Як кіно і масавае мастацтва застаецца ананімным?
— Менавіта таму, што ў Беларусі вельмі рэпрэсіўны кантэкст. У нас саджаюць у тым ліку за тое, што людзі здымаюць кіно, абмяркоўваюць кіно ці проста маюць іншую думку, якую не падзяляе афіцыйны рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
Таму людзі баяцца рэпрэсій адносна сябе і сваіх сваякоў. Але мы ўсё роўна не можам аддзяляць гэтых людзей ад агульнага культурнага кантэксту.
Мы іх інтэгруем, але пры гэтым даем ім магчымасць удзельнічаць адкрыта ці ананімна. Таму ў намінацыях і сярод пераможцаў ёсць ананімныя фільмы. І нам падаецца, што гэта адлюстраванне нашага часу.
— Калі прэмія не толькі пра тых белаларусаў, што жывуць за мяжой, чаму сярод удзельнікаў няма фільмаў з "Беларусьфільма" ці знятых беларускімі аўтарамі ў Расіі?
— Асноўная місія нашай прэміі — у тым ліку падсвечваць незалежных аўтараў і аўтараў, якія не ствараюць ідэалагічны кантэнт. У тым ліку прафінансаваны за грошы дзяржавы, рэжыму Лукашэнкі і рэжыму Пуціна.
Таму, на жаль, тыя фільмы, якія прафінансаваныя дзяржавай, мы не разглядаем. Але іх нам і не дасылаюць.
Мы запрашаем усіх кінематаграфістаў падавацца, калі яны хочуць, каб іх працу пабачылі прафесійнае журы, але ў нас вось такая пазіцыя. Яна існуе з першай цырымоніі, з першага конкурсу, які адбыўся ў 2021 годзе. У гэтым годзе – трэці раз.
І мы дагэтуль лічым важным аддзяляць прапагандысцкі кантэнт, створаны за грошы двух агрэсіўных аўтарытарных дзяржаў, і незалежных кінематаграфістаў, якія вымушаныя іншым чынам фінансаваць сваю кінатворчасць.
Я думаю, што гэта ўсё зменіцца, калі зменіцца ўлада ў гэтых двух краінах. Але пакуль што ў нас такія прынцыпы працы.
— Можаш трошкі падзеліцца сваімі ўражаннямі ад апошняй прэміі?
— Я нагадаю, што мы разглядаем працы за два гады. Першы раз — за 2019–2020, другі — за 2021–2022, а цяпер мы разглядалі фільмы 2023–2024 гадоў. Сама прэмія, адбор і пераможцы становяцца больш прафесійнымі. Мне падаецца, што гэта асноўная асаблівасць сёлетняй прэміі. І тое, што мы яе правялі гэтым разам у Варшаве, а не ў Берліне, як у мінулым годзе — гэта таксама паказчык таго, што мы знайшлі сваё месца і будзем старацца расці далей, шукаць новых аўтараў і падтрымліваць іх хаця б такім чынам.