Лепшыя фільмы — “Радзіма” і “Пад шэрым небам”. “Чырвоны верас” агучыў пераможцаў

Пераможцы, арганізатары і госці цырымоніі "Чырвонага верас'26"

Пераможцы, арганізатары і госці цырымоніі "Чырвонага верас'26" / Red Heather Award

Найлепшымі беларускімі фільмамі і фільммейкерамі 2023 і 2024 гадоў журы “Чырвонага вераса” вызначыла:

  • Фільм “Пад шэрым небам” Мары Тамковіч у намінацыі “Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм”.
     
  • Фільм “Say Cheese” Кіры Альшэўскага ў намінацыі “Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм”.
     
  • Фільм “Радзіма” Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча у намінацыі “Найлепшы дакументальны поўнаметражны фільм”.
     
  • Фільм “Святая вада” Андрэя Куцілы ў намінацыі “Найлепшы дакументальны кароткаметражны фільм”.
     
  • Мультфільм “Кроў і караоке” Юрыя Сямашкі ў намінацыі “Найлепшы анімацыйны фільм”.
     
  • Дакументальны рэпартаж “Без рэтушы: Сяргей Пукст” дакументаліста Аляксандра Гарадка і сямейнага дуэта фатографаў Канаплёва і Лейдзік у намінацыі “Найлепшы дакументальны рэпартаж”.
     
  • Дакументалісты Ганна Бадзяка і Аляксандр Міхалковіч за фільм “Радзіма” перамаглі ў намінацыі “Найлепшы(ая) рэжысёр(ка)”.
  • Літоўскі актор Валянцін Навапольскі за ролю ў фільме “Пад шэрым небам” атрымаў узнагароду у намінацыі “Найлепшы актор”.
     
  • Беларуская акторка Аляксандра Вайцяховіч за ролю ў фільме “Пад шэрым небам” перамагла ў намінацыі “Найлепшая акторка”.
     
  • Сяргей Канаплянік за фільм “Радзіма” перамог у намінацыі “Найлепшая праца аператара(кі)”.
    Кінематаграфісты Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй за фільм “Працэсы” перамаглі ў намінацыі за “Найлепшы сцэнар”.
     
  • Мастак Аляксандр Адамаў за фільм “Працэсы” перамог у намінацыі “Найлепшае мастацкае рашэнне (праца мастака(чкі)-пастаноўшчыка(цы)”.
     
  • Iлля Бажко за фільм “Працэсы” перамог у намінацыі “Найлепшы мантаж”.
     
  • Праект “Крос-культурны музычны дыялог” за стварэнне музыкі для фільму “Чароўныя нажнічкі” перамог у намінацыі “Найлепшы саўнддызайн (праца кампазітара(кі) і/ці гукарэжысёра(кі)”.
     
  • “Адкрыццём года” стаў кінематаграфіст, які захацеў застацца ананімным.

Таксама дырэкцыя уласным чынам вызначыла і ўручыла дзве “Спецыяльныя згадкі”:

  • Стваральнікам фільму «Чароўныя нажнічкі» з фармулёўкай “За руплівую працу – збор, захаванне і ўзнаўленне страчанай часткі нашай спадчыны – культуры беларускага габрэйства, і праз іх – за дапаўненне і ўзбагачэнне беларускасці”;
     
  • Беларускім палітвязням з фармулёўкай “У гонар шматлікіх палітзняволеных і іхных трагічных лёсаў, якія не дазваляюць рэжысёрам маўчаць і прымушаюць апавядаць свету пра беларускую сучаснасць і траўматычнае мінулае”. Дыплом быў перададзены дырэктарцы Музея Вольнай Беларусі ў Варшаве Наталлі Задзяроўскай.

Прызы для пераможцаў былі зноў створаныя мастаком Аляксандрам Адамавым: цэгла, з якой прабіваецца галінка верасу, уяўляе сабою метафару беларускага кіно. Узнагароды ўручалі пераможцы мінулай эдыцыі кінапрэміі кампазітарка і арганістка Вольга Падгайская, аператарка Таццяна Гаўрыльчык, дакументалістка і журналістка Ксенія Галубовіч, рэжысёр і сцэнарыст Аляксей Палуян, таксама мастачка Яна Шостак, пісьменніца Святлана Курс, журналістка і былая палітзняволеная Ірына Слаўнікава, сябра журы Максім Жбанкоў ды замежныя калегі прадзюсар з Нямеччыны Петэр Ромэль, кастынг-дырэктар з Польшчы Пётр Бартушэк, мецэнат і падтрымальнік беларускай культуры Мацей Радзівіл, рэжысёр, прадзюсар, дырэктар Школы Вайды і "Wajda Studio" Філіп Марчэўскі, польская рэжысёрка Агнешка Холанд.

У склад журы "Чырвонага верасу’26" увайшлі 20 экспертаў і экспертак: сузаснавальнікі і арганізатары кінрэміі Ірэна Кацяловіч і Тарас Тарналіцкі, а таксама журналісты, кінакрытыкі, кіназнаўцы, і даследнікі кіно Наталля ВавілонскаяМаксім ЖбанкоўВольга Ісакава, Саша Разор, Ульяна Рубанава, Ігар Сукманаў, Альміра Усманава, Ганна Яфрэменка. Некаторыя сябры журы з меркаванняў бяспекі застаюцца ананімнымі.

Трэцяя эдыцыя Беларускай прэміі кінакрытыкаў адбылася пры падтрымцы фонду Trzy Trąby і The German Marshall Fund.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.