Фільм "Бітва за бітвай" атрымаў шэсць "Оскараў"
Пол Томас Андэрсан / Robert Gauthier / Los Angeles Times via Getty Images
Галоўным пераможцам кінапрэміі "Оскар" стаў фільм Пола Томаса Андэрсана "Бітва за бітвай": ён атрымаў перамогу ў шасці намінацыях.
Сам Пол Томас Андэрсан атрымаў адразу дзве статуэткі — як найлепшы рэжысёр і як аўтар адаптаванага сцэнара. Таксама стужка была адзначаная як найлепшы фільм і атрымала статуэткі за найлепшы адаптаваны сцэнарый, найлепшы кастынг і найлепшы мантаж. Шон Пэн, які зняўся ў фільме, атрымаў "Оскара" за найлепшую мужчынскую ролю другога плана.
Перамогу ў чатырох намінацыях атрымаў фільм "Грэшнікі". Майкл Б. Джордан быў уганараваны залатой статуэткай за найлепшую мужчынскую ролю. Таксама стужка была адзначаная за арыгінальны сцэнар, арыгінальную музыку і аператарскую працу.
"Оскар" за найлепшую жаночую ролю атрымала Джэсі Баклі — ірландская актрыса і спявачка. Так была адзначаная яе праца ў фільме "Гамнет". За гэтую ролю Баклі ўжо атрымала ўзнагароды на Critics Choice, "Залатым глобусе", BAFTA і Actor Awards. Такім чынам, яна сабрала поўны набор з пяці галоўных узнагарод сезона.
Тры статуэткі "Оскара" атрымаў фільм "Франкенштэйн" — за найлепшы грым, касцюмы і мастацкае афармленне.
Найлепшым замежным фільмам стала нарвежская стужка "Сентыментальная каштоўнасць".
У катэгорыі "Найлепшы дакументальны фільм" залатую статуэтку атрымала карціна Дэвіда Барэнстайна і Паўла Таланкіна "Спадар Ніхто супраць Пуціна". Раней стужка была ўжо ўзнагароджаная прэміяй BAFTA як найлепшы дакументальны фільм.
Найлепшым анімацыйным фільмам прызнаная карціна "Кейпоп — Паляўнічыя на дэманаў". Таксама стваральнікі фільма атрымалі прэмію за найлепшую песню.