Абмежаванні ў працы беларускіх кіношнікаў у Літве могуць адмяніць

Лагатып Літоўскага кінацэнтра

Лагатып Літоўскага кінацэнтра / Irmanto Gelūno / BNS nuotr.

Заканадаўчае абмежаванне аб фінансаванні беларускіх кінапраектаў у Літве можа быць адменена ў бліжэйшай перспектыве. Пра гэта журналісту Еўрарадыё распавёў адзін з уплывовых літоўскіх кінапрадзюсараў, пажадаўшы застацца ананімным.

Суразмоўца патлумачыў, што праўкі ў новую рэдакцыю “Правілаў дзяржаўнага фінансавання кінапраектаў” рабіліся па шаблоне санкцыйных спісаў людзей, датычных да распальвання вайны і расійскай прапаганды, і не ўлічвалі сітуацыю, калі будуць абмежаваны магчымасці кінематаграфістаў з беларускім грамадзянствам, якія жывуць і працуюць у Літве. 

“Гэта абсурдная сітуацыя, якая вельмі замінае нам працаваць, прыходзіцца прыдумляць варыянты, каб абмінаць гэту забарону”, — падкрэсліў суразмоўца. 

Абмежаванні ў працы беларускіх кіношнікаў у Літве могуць адмяніць
Здымачная пляцоўка літоўскага мінісерыяла "Troll Farm" у Вільнюсе, Літва / Berta Tilmantaite / For The Times

Сітуацыя пагаршаецца яшчэ і тым, што праўкі ў закон распрацоўваліся і ўносіліся ў перыяд, калі ў Літве змянілася за год адразу чатыры міністры культуры, і апошняя з іх, Вайда Алекнавічэне, заняла пасаду толькі ў лістападзе 2025 года.

“Зараз адмена любых законаў, якія тычацца санкцый праз вайну ва Украіне, лічыцца небяспечнай справай для палітыкаў. Яны ўсяляк спрабуюць абмінаць ці не заўважаць гэтую тэму, каб захаваць давер да сябе выбаршчыкаў і не стаць аб’ектам публічнай крытыкі”.

Нягледзячы на складанасці, суразмоўца лічыць, што сітуацыя вырашальная, і праз тры–чатыры месяцы накладзенае абмежаванне можа быць адменена. 

У кастрычніку 2025 года Літоўскі кінацэнтр (Lietuvos kino centras) апублікаваў новую рэдакцыю “Правілаў дзяржаўнага фінансавання кінапраектаў”. Згодна з ёй, праекты з удзелам грамадзян Беларусі, Расіі і іншых краін, названых у афіцыйным пераліку, цяпер не могуць прэтэндаваць на дзяржаўную падтрымку.

Як вынікае з абноўленага пункта 17, абмежаванні дзейнічаюць нават у выпадках, калі аўтары маюць від на жыхарства ў Літве. Такім чынам, беларусы і расіяне юрыдычна працягваюць лічыцца грамадзянамі краін, якія ўцягнуты ў вайну ва Украіне, таму на іх распаўсюджваюцца абмежаванні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.