Іспанская драма “Глухая” стала пераможцам LUX Audience Award 2026 у Еўрапарламенце

Іспанская рэжысёрка Ева Лібертад падчас ўзнагароджання прэміі Lux Award

Іспанская рэжысёрка Ева Лібертад падчас ўзнагароджання прэміі Lux Award / Euroradio

У Брусэлі, у залі галасавання Еўрапарламента, адбылася ўрачыстая 19-я цырымонія ўзнагароджання LUX Audience Award 2026, пераможцам якой стала іспанская стужка рэжысёркі Евы Лібертад “Глухая” (арыгінальная назва Sorda ці ў ангельскай версіі Deaf).

Гэтая ўзнагарода з’яўляецца вынікам супольнага галасавання дэпутатаў Еўрапарламента і тысяч еўрапейскіх гледачоў.

Падчас атрымання ўзнагароды Эва Лібертад падкрэсліла важнасць прыняцця разнастайнасці:

“Нармальнасці не існуе. Мы лічым, што сапраўдная нармальнасць — гэта чалавечая разнастайнасць”.

Аўтарка дадала, што створаныя грамадствам нормы прыносяць пакуты тым, хто ў іх не ўпісваецца, а разнастайнасць — гэта багацце, інтэлект і любоў.

Іспанская драма “Глухая” стала пераможцам LUX Audience Award 2026 у Еўрапарламенце
Удзельнікі і пераможцы 19-й цырымоніі Lux Awards, Брусэль, 14.04.2026 / Euroradio

Акрамя “Глухой” за перамогу ў прэміі канкуравалі яшчэ чатыры стужкі. 

Брытанска-ірландская драма “Крысці” (Сhristy) рэжысёра Брэндана Канці, якая распавядае пра падлетка, які знаходзіць сваё месца ў свеце праз творчую супольнасць музычнай студыі The Cabin, дзе мастацтва становіцца сродкам тэрапіі для моладзі

Іранска-французская стужка знакамітага ў фестывальнай публікі рэжысёра Джафара Панахі “Гэта быў звычайны выпадак” (It was just an accident) прысвечаны помсце і прабачэнню некалькі ахвяр іранскага рэжыма свайму злоўленаму кату.

Стужка Ганны Казенаў “Кахай мяне пяшчотна” (Love me tender). Французская драма засяроджваецца на сямейных адносінах, супрацьстаянні дыскрымінацыі і прыняцці гендэрнай ідэнтычнасці.

Оскараўскі пераможца “Сентыментальныя каштоўнасці” (Sentimental Value) — псіхалагічная сямейная гісторыя ад нарвежскага рэжысёра Ёакіма фон Трыера, якая закранае інтымныя думкі пра адносіны бацькі і дачкі.

Lux Awards была заснавана ў 2006 годзе. Назва прэміі LUX паходзіць ад лацінскага слова "святло", што таксама з’яўляецца адсылкай да прозвішча братоў Люм’ер. Узнагарода прэміі сімвалізуе Вавілонскую вежу, зробленую з кінастужкі, што сімвалізуе шматмоўе і культурную разнастайнасць Еўропы

Галоўная мэта Еўрапарламента і Еўрапейскай кінаакадэміі, якія з’яўляюцца арганізатарамі Lux Awards, — гэта падтрымка еўрапейскага кіно і стымуляванне дыялогу аб агульных каштоўнасцях, такіх як інклюзіўнасць і дэмакратыя. У 2026 годзе ў межах прэміі было арганізавана 950 бясплатных паказаў, а фільмы былі перакладзены на 24 афіцыйныя мовы ЕС. Наступны год стане для ўзнагароды 20-м, юбілейным.

За ўвесь час існавання прэміі беларускае кіно было прадстаўлена ў ёй толькі аднойчы. У 2007 годзе, падчас самага першага конкурсу, намінантам стала дакументальная стужка “Плошча” Юрыя Хашчавацкага, прысвечаная падзеям вакол прэзідэнцкіх выбараў 2006 года ў Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.