Вы тут

Без намёкаў. Як нацысты змагаліся з “няправільнай” літаратурай

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава

Візіты ў кнігарні, выдавецтвы і бібліятэкі ў пошуках ідэалагічна няправільнай літаратуры…   

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае, як у нацысцкай Германіі змагаліся з “дрэннымі” кнігамі. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.

30 студзеня 1933 года Адольф Гітлер прызначаны рэйхсканцлерам Веймарскай рэспублікі. Гэта стала пачаткам працэсу рэальнага захопу ўлады нацыстамі. Яны нават і не хавалі свайго намеру кіраваць адзінаўладна і падпарадкаваць усе дзяржаўныя інстытуты.

Стварэнне таталітарнай нацысцкай дыктатуры прадугледжвала разбурэнне асноў прававой дзяржавы, дэмантаж дэмакратычных інстытутаў, выцясненне з публічнай прасторы і знішчэнне апазіцыі, а таксама змена грамадства і культуры ў адпаведнасці з нацысцкай ідэалогіяй. Дамагчыся гэтага было немагчыма без поўнага кантролю над сродкамі масавай інфармацыяй і ператварэння іх у апарат дзяржаўнай прапаганды.

Істотную ролю ў насаджэнні нацысцкай ідэалогіі адыграла так званая “Акцыя супраць негерманскага духу”. Яе ініцыятарам стаў падкантрольны нацыял-сацыялістам Нямецкі студэнцкі саюз. 

Пачынаючы з 26 красавіка адбываўся паўсюдны збор кніг для ліквідацыі. Тэксты, якія “заслугоўваюць знішчэння”, сістэматычна вымаліся з прыватных і публічных бібліятэк, канфіскоўваліся з кнігарняў. Усяго ў “чорныя спісы” нацыстаў трапілі працы больш як 300 аўтараў. У іх былі ўключаны як творы габрэйскіх пісьменнікаў, так і любыя тэксты, якія пярэчылі нацысцкай ідэалогіі. 

10 траўня маштабныя цырымоніі спалення кніг прайшлі ў больш чым 20 гарадах Германіі. У Берліне каля 70 тысяч чалавек сталі сведкамі таго, як творы сусветнай літаратуры спальваліся ў вялізным вогнішчы на Опернай плошчы. 

Адкрыў цырымонію галоўны прапагандыст Ёзэф Гебельс. Ён абвясціў канец “эпохі перабольшанага габрэйскага інтэлектуалізму” і ачышчэнне Германіі ад унутраных ворагаў.

Потым ужо самі студэнты выкрыквалі нарыхтаваныя загадзя крычалкі. Вось прыклад адной з іх:

“Не — пісакам, якія здраджваюць героям сусветнай вайны. Няхай жыве выхаванне моладзі ў духу сапраўднага гістарызму! Я аддаю агню творы Эрыха Марыі Рэмарка”. 

Усяго на акцыі толькі ў Берліне было знішчана больш за 20 тысяч кніг. Лёсы іх аўтараў, якія былі сучаснікамі падзей, вядома, склаліся трагічна. Іх жыццё падзялілася на “да” і “пасля”. Большасць найбольш вядомых нямецкіх пісьменнікаў апынуліся ў эміграцыі, але камусьці пашчасціла меней: скончылі жыццё самагубствам ці загінулі ў канцлагеры.

“Акцыя супраць негерманскага духу” стала толькі пачаткам закручвання гаек у культурнай сферы. 22 верасня таго самага года была створана Імперская палата культуры. Туды ўвайшлі палаты кінематаграфіі, літаратуры, друку, радыёвяшчання, тэатра, музыкі і выяўленчага мастацтва. 

Імперская палата літаратуры цалкам паставіла пад свой кантроль працэсы кнігавыдання і кнігагандлю. Да 1939 года яна падпарадкавала сабе працу 2500 выдавецтваў і 23 тысяч кнігарняў. 

З гэтага часу публікавацца ў Трэцім Рэйху маглі толькі зарэгістраваныя ў палаце літаратары: іх лік складаў каля 3 тысяч чалавек.

Помнік спаленым кнігам

У 1995 годзе на берлінскай плошчы Бебельплац быў устаноўлены помнік спаленым кнігам. У цэнтры плошчы праз квадратнае шкло ў бруку відаць пакой з пустымі кніжнымі паліцамі. Яны могуць змясціць бібліятэку з 20 тысяч кніг — акурат столькі, колькі спалілі нацысты ў 1933 годзе. На помніку ёсць таблічка з цытатай Генрыха Гейнэ 1820 года: "Гэта была толькі прэлюдыя, там, дзе спальваюць кнігі, пасля спальваюць і людзей".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.